Чаму сёлета не будзе амністыі на 9 траўня?

На свята 65 год Перамогі летась была амністыя. Сёлета амністыі не плануецца. У парламенцкай камісіі па Нацыянальнай бяспецы такога праекту няма. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, чаму амністыі на Дзень Перамогі не будзе?

Кіраўнік па забеспячэнні дзейнасці камісіі Андрэй Броннікаў гаворыць, што ніякай перыядычнасці ў правядзенні амністый няма.

"А дзе-небудзь напісана, што амністыя штогод праводзіцца? Нідзе няма такога нарматыўна-прававога акту. Гэта ж акт гуманізму. Некалькі амністый былі ўвогуле не прымеркаваныя ні да якіх дат. Проста закон “Аб амністыі некаторых катэгорый асуджаных” не прымеркаваны да нейкай даты".

Сёлета гуманізму не прадбачыцца, і амністыі на 9 траўня не будзе. Ці не звязана гэта з судамі па справе 19 снежня, пасля якіх у Беларусі з'явіўся шэраг палітзняволеных, пацікавілася Еўрарадыё ў праваабаронцы Гары Паганяйлы.

"Я не выключаю, што таму і не рыхтавалі закон “Аб амністыі”, каб гэтыя асобы не патрапілі пад амністыю. Але ж яна рана ці позна ўсё роўна будзе, на наступны год ці яшчэ праз год. Перапоўненасць турмаў прымусіць парламент і кіраўніцтва краіны прыняць такі акт".

Але ж Андрэй Броннікаў сцвярджае, што перанаселенасць турмаў ніяк не звязана з амністыямі, маўляў, па такіх прычынах амністыі ніколі не было.

Па словах Гары Паганяйлы, кожны раз умовы амністыі новыя і кожны раз вырашаецца, хто пад яе трапіць, а хто не.

"Кожны раз заканадаўца вырашае па-новаму, якія склады злачынства патрапляюць пад амністыю, якія катэгорыі асобаў і ў якім парадку праводзіцца амністыя. Гэта ўсё кожны раз новы дакумент".

Ці змаглі б патрапіць пад амністыю абвінавачаныя і асуджаныя па справе 19 снежня? Гары Паганяйла кажа, што у законе магчыма прапісаць асобныя крымінальныя артыкулы, на якія амністыя не будзе распаўсюджвацца.

"Я думаю, як раз могуць наўмысна вывесці з закона гэтыя крымінальныя склады, каб гэтыя асобы, асуджаныя і па адным, і па другім артыкуле, не трапілі пад амністыю".

Дарэчы, пад леташні закон “Аб амністыі” магла б патрапіць Ірына Халіп, як маці малога дзіця, але ж у законе было прапісана, што амністыя не распаўсюджваецца на артыкул 293 "Масавыя беспарадкі". Таму ніхто з абвінавачаных па гэтым артыкуле, у тым ліку бацькі малога Даніка Саннікаў і Халіп, пад амністыю не патрапілі б.

А вось абвінавачаныя па артыкуле 342 маглі быць вызваленыя датэрмінова! Пад амністыю патрапляюць асобы старэйшыя за 60 год, пры ўмове, што шкода дзяржаве выплачаная. Уладзіміру Някляеву 64 гады, а на выплату шкоды за разбітае шкло грошы сабралі грамадзяне. Такім чынам тэарэтычна ён мог бы быць амніставаны.

Увогуле пад амністыю трапляюць непаўнагадовыя, цяжарныя, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўнагадовых дзяцей, мужчыны, старэйшыя за 60 і жанчыны за 50, інваліды 1 і 2 групы, ветэраны, ліквідатары, ды яшчэ шэраг асобаў. Але сёлета асуджаныя міласэрнасці на 9 траўня ад дзяржавы не дачакаюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі