У Віцебску зладзілі "Брытанскі базар"

Улічваючы крызісную сітуацыю ў краіне запланаваны вялікі і сапраўдны Бітлз-фэст звёўся да фармату сольнага канцэрта "Аквариума" і выступаў некалькіх кавер-гуртоў. На жаль, задумы арганізатараў наконт удзелу ў фестывалі Стаса Наміна са свежым мюзіклам "Бітламанія", які зусім нядаўна быў прэзентаваны ў Маскве, Дзібровым-вядучым ды паўнавартасным вялікім канцэртам гуртоў, якія граюць музыку Бітлз, так і засталіся задумамі.

БГ і журналісты малююць "Abbey road" перад уваходам у "Чардачок"

 

Нягледзячы на колькасць самых розных мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў Віцебску, жыхары горада ніяк не прывучаныя да разнастайных культурных падзей, кажа арганізатар фестывалю Гарык Агаджанян. Адзінае, у чым арганізатары ўпэўненыя – у "Славянскага Базару" ў Віцебску даўно павінна з’явіцца альтэрнатыва.

Гарык Агаджанян: "Сытасці ад "Славянскага Базару", гэтага ўжо ніхто не хавае! І асабіста ў мяне заўжды было жаданне, маючы такі зал, як летні амфітэатр, зрабіць у процівагу "Славянскаму Базару" “Брытанскі” нармальны базар! Тая катэгорыя людзей, якія не хочуць ісці на "Славянскі Базар" – ім жа таксама трэба нешта слухаць! Бітлз-фэст можа стаць добрым бонусам".


Ужо нават круіз па Дзвіне пад акампанімент гурта Apples для жыхароў Віцебска стаў незвычайнай падзеяй:

Гарык Агаджанян: "Гэта быў проста цуд нейкі! Вы не ўяўляеце, як гэта ўспрымалася! Праплываючы гэтыя берагі, адкуль на нас глядзяць людзі, якія спрабуюць зразумець, што адбываецца! Касмічнага ўзроўню падзея! На цеплаходзе "валіць" сапраўдны Beatles і людзі танцуюць. Можа быць, недзе ў свеце – гэта і нармальна, але для Віцебска – гэта ўжо вялікі добры крок наперад".

З непаразуменнем з боку дзяржаўных установаў арганізатары Beatles -фэсту амаль не сутыкнуліся. Адзінае мерапрыемства, якое выканкам усё ж такі забараніў – гэта велапрабег, які таксама быў запланаваны ў межах фестывалю. Але ж веласіпедысты ўсё роўна выйшлі на вуліцы Віцебска, а арганізатары прыкрылі іх дазволам на… флэшмоб!

Гарык Агаджанян: "Мы яго ўсё роўна правялі і я ўвогуле не ведаю, чаму яго забаранілі. Можа быць, падумалі так, на ўсялякі выпадак, каб не выглядала масавым супрацьпраўным зборышчам".

Яшчэ адным флэшмобам перад Віцебскім амфітэатрам стала з’яўленне дзяўчат і хлопцаў у белых цішотках з надпісам "Ob-la-ki, Ob-la-ka" за гадзіну перад пачаткам канцэрту БГ. Яны прынеслі з сабой звычайны "бумбокс", "урубілі" папуры з песень Бітлз і зладзілі масавыя танцы.

 

Творчы вечар БГ, ці як называў яго сам Барыс Барысавіч – творчая вакханалія доўжылася амаль тры гадзіны. Сцэна па просьбе БГ была ўбраная кветкамі, невялічкімі дрэўцамі і таршэрамі, каб гэтыя дэкарацыі максімальна нагадвалі дамашнюю абстаноўку.

 

БГ: "Так дзіўна ўсё, што тут адбываецца. Звычайна мы ладзім такія камерныя канцэрты на чалавек 100-150 у клубах як "Чардачок". Таму мы і называем усё, што тут адбываецца творчай вакханаліяй. Мне падаецца, што нас тут пераблыталі з Led Zeppelin – вас тут так многа!"

Грабеншчыкоў з’явіўся на сцэне падобны на пірата – з чырвонай хусткай на галаве і ў паласатых штанах. А вось у якасці астатніх удзельнікаў "Аквариума" да віцебскай публікі выйшлі толькі тры чалавекі – умоўна назавём іх перкусіяніст, гітарыст і клавішнік, хаця "паўнамоцтвы" гэтых музыкаў у гурце куды больш шырокія. І улічваючы тое, што у цяперашнім складзе "Аквариума" каля 10-ці чалавек, выступ атрымаўся мінімалістычна-акустычным, нягледзячы на тое, што клавшінік Барыс Рубекін паспяхова падмяніў у "пачцы" адсутных музыкаў.

 

 

 

Канцэрт цягнуўся 3 гадзіны з 15-хвілінным антрактам, падчас якога БГ адказваў на пытанні з залы. Публіка пераважна цікавілася тым, калі, і якім шляхам да Грабеншчыкова прыходзіць натхненне, але на адной з цыдулак, якія перадаваліся з залы было тэхнічнае пытанне: ці можна танцаваць пад сцэнай. Не задумваючыся, БГ дазволіў танцаваць і загадаў ахове пусціць людзей да сцэны. Ахова падпарадкавалася і далей канцэрт працягваўся больш натуральным чынам – з танцамі і спевамі.

 

 

У адказ удзячная публіка імкнулася адарыць лідара "Аквариума" і цягнула яму кветкі, што, відавочна, расчуліла музыку і ён абвясціў, што спецыяльна для віцебскіх прыхільнікаў гурт сыграе песню "10 стрел", якую нават не рэпетаваў. У якасці яшчэ аднаго сюрпрызу "Аквариум" прэзентаваў віцяблянам новую песню "Красная река". БГ пацікавіўся ў публікі, "ці ёсць у іх інтэрнэт", і калі даведаўся, што ёсць, узрадаваўся і заклікаў "на здароўе" скачваць новую песню на сервісе Кругі.

У выніку, атмасфера атрымалася даволі камернай і цёплай для такой "адкрытай" і вялікай пляцоўкі. А вось наступным удзельнікам канцэрту, якія уласна і збіраліся на Віцебскім Beatles-фэсце граць музыку The Beatles, засталіся таршэры з вазонамі на сцэне і толькі палова слухачоў.

 

Так ужо атрымалася, што галоўнай, бадай што, інтрыгай фестывалю і было тое, ці застануцца людзі на бітлз-канцэрт пасля выступу "Аквариума". Як распавёў Еўрарадыё гітарыст гурта FLAT (які павінен быў выступаць адразу пасля БГ) Эрнэста Агірэ, арганізатары няправільна расставілі акцэнты, і ўсё ж такі Beatles -фестываль – гэта не канцэрт БГ.

Эрнэста Агірэ: "Мы баімся, што гэты Бітлз-фэст асноўны ўпор зрабіў на БГ, а не на Бітлз. Так атрымалася, як я разумею, з-за цяжкай фінансавай сітуацыі ў краіне, і ў прыватнасці ў арганізатараў фестывалю. Задумана, зразумела, усё было значна цікавей. Нам зараз і самім вельмі цікава, чым усё скончыцца. І мы пабачым, на БГ прыйшлі людзі, ці ўсё ж такі на Бітлз".


Эрнэста Агірэ

Удзел БГ у фестывалі тлумачыцца тым, што менавіта Барыс Барысавіч разам з вядомым бітламанам Колем Васіным калісьці даўно прыдумалі традыцыю адзначаць дні нараджэння ўдзельнікаў The Beatles. А паколькі сёлетні фестываль прымеркаваны да Дня нараджэння Пола Макартні, то і ўдзел у ім БГ і "Аквариума" - вельмі сімвалічны.

"Коля дзе-небудзь знаходзіў вельмі заштатны, вельмі далёкі дом культуры, дзе мянты не будуць турбаваць. Куды яны не адразу даедуць і не адразу знойдуць. – распавядае Барыс Грабеншчыкоў. - Як правіла, гэта было за горадам, недзе ў гадзіне язды ад Пецярбурга. І туды з’язджаліся людзі, дастаткова адкрыта, таму што гэта нікога не хвалявала. Было па 5-7 гуртоў, колькі змяшчалася. На першых такіх канцэртах, якія я памятаю, была цудоўная, амаль дамашняя атмасфера, таму што ўсе ведалі адно аднаго. А Коля гэтыя канцэрты вёў".

Пасля выступу БГ на сцэне з’явіўся гурт FLAT, які паспрабаваў унесці ў фэст сапраўдную бітлоўскую іскру і "растанцаваць" некалькі соцень людзей, якія засталіся ў зале пасля першай гадзіны ночы. Дарэчы, гурт FLAT – адзіны беларускі гурт, які змог паўдзельнічаць на прэстыжным Beatles-фестывалі "Beatles Week" ў Ліверпулі, дзе калісьці пачыналі і самі Бітлз. У ноч з 17-га на 18-е чэрвеня ў "Чардачку" музыканты адзначалі Дзень нараджэння Пола Макартні канцэртам, успамінамі і тостамі за яго здароўе.

 

Алег Вінакураў

"І нават торцік з’елі! Які быў зроблены ў форме яго знакамітай бас-гітары!" – удакладняе Алег Вінакураў, бас-гітарсыт FLAT (Алег грае на такой жа гітары, як і сэр Пол Макартні, і таксама левай рукой – заўв.Еўрарадыё)

Што чакае фестываль у будучым – цяжка сказаць і яго арганізатарам, і яго ўдзельнікам. Так, FLAT далі арганізатарам савет "на будучыню", як зладзіць сапраўдны Beatles -фэст:

 

 

 

 

выступ Аляксандра Цыганка і яго аркестра

"Для таго, каб зладзіць вялікі фестываль на некалькі дзён, трэба запрасіць кучу гуртоў, як робіцца ў Ліверпулі: прыязджае 50-60 каманд. Па горадзе раскідана шмат пляцовак, прычым яны не 6-ці тысячныя, як зала амфітэатру – там амаль няма гуртоў, якія здольныя сабраць столькі гледачоў, нават калі гэтыя гурты маюць міжнародную вядомасць.

Калі б мы рабілі фэст, мы б зрабілі яго так, як гэта робяць англічане – кропкавымі пляцоўкамі, але па ўсім горадзе! Тады б можа быць далучыліся людзі, якія проста не ў курсе, што гэта за музыка! Таму што плаціць за першы ў горадзе Beatles -фэст людзям. можа быць, стромна.

А вось ідзеш па Ліверпулі, бачыш адкрытыя пляцоўкі паўсюль. Спыняешся і слухаеш. Так і атрымліваецца і аддача ад гледача, і фестывальны дух і фестывальная атмасфера. А яшчэ ў дзень фестывалю Beatles у Ліверпулі з кожнай "сметніцы" гучыць Beatles. Варта зрабіць на гэта асноўны упор, а не на вялікую сцэну. Каб Beatles былі сапраўдны паўсюль".


Фота: Наталля Чаркесава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі