Беларускія месцы ў Варшаве (фотафакт)

Варшава здаўна вабіла людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі. Тысячы эмігрантаў у розныя часы прыязджалі сюды жыць. Але ці здолелі гэтыя людзі стварыць тут сапраўды беларускі асяродак? Якія мясціны польскай сталіцы на сто адсоткаў можна назваць “беларускімі”? Так, на думку старшыні ініцыятывы “Нацыянальная беларуская памяць” Анатоля Міхнаўца, у Варшаве пакуль такое месца адзінае.

Міхнавец: ”Для нас “беларуская” Варшава – гэта памяць пра беларусаў  і матэрыяльныя сляды тут беларускай дзейнасці. На мой погляд, сёння адзінае сапраўднае беларускае месца ў Варшаве - шыльда, прысвечаная генералу Станіславу Булак-Балаховічу, якая знаходзіцца на Саскай Кэмпе. Зараз там праваслаўная семінарыя, а ў перыяд нямецкай акупацыі, падчас Другой сусветнай вайны тут быў беларускі прыход, нядзельная школка і гучала беларуская мова”.

Назвы некалькіх дзесяткаў вуліц на сённяшняй мапе Варшавы тым ці іншым чынам звязаны з Беларуссю: Мінская, Брэсцкая, Гродзенская, Наваградская, Агінскага, Чачота, Дамейкі, Тышкевіча, Ясінскага, Сыракомлі...

Ці ведаюць самі варшавяне, кім былі людзі, чыімі імёнамі названыя гэтыя вуліцы? Як паказала нашае апытанне, на вуліцы імя беларускага і польскага паэта Уладзіслава Сыракомлі, ніхто з мясцовых жыхароў ня ведае дакладна, кім ён быў і што выбітнага зрабіў.

Еўрарадыё: Ці ведаеце вы, кім быў Уладзіслаў Сыракомля?

Мінак: - Так. Вунь там далей вуліца.

Жанчына: - Не маю паняцця.

Кабета: - Трэба паглядзець у інтэрнэце. Гэта цікава было б ведаць.

Хлопец: - Нічога пра гэта ня ведаю.

Варшавянка: - Жыву на вуліцы Сыракомлі і сорамна прызнацца, што не ведаю, хто гэта такі быў. Напэўна нейкая гістарычная асоба.

Прадавачка: - Не, я ня ведаю. Я ўвогуле не адсюль.

Мужчына: - Гэта нейкі вядомы чалавек. Можа вайсковец?

Цяпер улады Варшавы вырашаюць пытанне, каб у наступным годзе паставіць помнік Янку Купалу і Якубу Коласу. Помнік сапраўды мог бы стаць яшчэ адной “беларускай” мясцінай у польскай сталіцы і збіраць вакол сябе беларускіх патрыётаў. Аднак пакуль невядома, ці з’явіцца манумент да святкавання 130-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі – гаворыць Анатоль Міхнавец.

Міхнавец: “З’яўленне такога помніка было б вельмі важна для беларусаў Варшавы. Але колькі ўсё гэта будзе цягнуцца, вельмі складана сказаць, бо пытанне гэтае абмяркоўваецца ўжо цягам васьмі гадоў. Апошнім часам з’явілася інфармацыя, што нейкія пазітыўныя зрухі па гэтым пытанні ёсць. Аднак, улічваючы, які зараз крызіс у нашай краіне, усталяванне помніка можа зацягнуцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі