Беларускія гатэлі: Ад 3 еўра за суткі, да 1400 (фота)

“Паўлюксы аднамесныя ад 311 тысяч, да 318 тысяч. Люксы таксама ўсе па-рознаму каштуюць. Ад 343 да 393 тысяч”, — кажуць у гродзенскім гатэлі “Беларусь”.

121116_pilecki_hotel.mp3

У пераліку на еўра атрымоўваецца прыкладна 40 за лепшы нумар. Крыху менш за сярэдні кошт за нумар у сярэднім еўрапейскім гатэлі. За гэтыя грошы ў Гродне вас заселяць у цэлых два пакоі з адным фенам.

“Нумар вышэйшай катэгорыі павінен быць двухпакаёвым. Ён такі і ёсць. І мэбля там іншая. Інтэр’ер. У нумары фен ёсць, два санвузлы”.

У гатэлях беларускіх абласных цэнтраў прыкладна аднолькавыя ўмовы. Толькі што дзе-нідзе яшчэ не паспелі рамонт зрабіць. У Заходняй Еўропе за такі кошт таксама можна засяліцца ў больш-менш прыстойны гатэль. Прапановы лёгка знайсці на вядомым сайце Booking.com. Але ў асноўным еўрапейскія гатэлі ўсё ж даражэйшыя. Каб знайсці прыстойнае жыллё за 40 еўра ў суткі — трэба браніраваць гатэль задоўга да паездкі, альбо ў непапаулярны сезон.

Беларускія гатэлі на Booking.com таксама ёсць. Але іх зарэгістравана значна менш, чым у суседняй Літве — 90 нашых супраць 620 літоўскіх. У Парыжы, напрыклад, іх больш за 1250.

У брэсцкім гатэлі “Дружба”, на сайце якога ўрачыста паведамляецца пра “новую паслугу — доступ у інтэрнэт праз Wi-Fi”, мне расказваюць, што начуюць у нашых гатэлях у асноўным самі беларусы і нашы ўсходнія суседзі.

“Бываюць і замежнікі. А так — беларусы, рускія. Яны праездам, едуць у Еўропу і з Еўропы. Альбо бывае, што на экскурсію прыязджаюць”.

На званне найбольш вядомага ў свеце і самага дарагога беларускага гатэля можа прэтэндаваць мінскі Crowne Plaza. Менавіта тут звычайна спыняюцца сусветныя знакамітасці, якія па розных прычынах наведваюць Мінск: футбалісты “Барселоны”, Джэніфер Лопес і іншыя. Самы дарагі нумар гэтага гатэля — прэзідэнцкі люкс. Каштуе 1400 еўра ў суткі.

Вось так выглядае адзін з самых шыкоўных гатэльных нумароў у Беларусі. Прэзідэнцкі люкс у Crowne Plaza

А вось адзін з самых танных гатэляў, які ўдалося знайсці карэспандэнту Еўрарадыё, знаходзіцца ў Браславе. Аднайменны гатэль прапаноўвае пераначаваць ўсяго за… 3 еўра ў суткі.

Нумар за 3 еўра - адзін з самых таных у Беларусі.

У гатэлі прызнаюцца, што нумар, ключы ад якога вы атрымаеце заплаціўшы такую суму, больш падобны да палаты ў шпіталі — ложак, коўдра і ручнік — больш нічога.

“Шасцімясцовы нумар, без выгодаў. Толькі шэсць ложкаў. Палата, так скажам”.

У дадатак у гатэлі “Браслаў” няма гарачай вады. Затое возера блізка — 150 метраў. Памыцца можна і там.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі