Беларускі суд — 5 хвілін на разгляд справы

А 9 раніцы ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска ажыятаж. У павестцы дня суддзі Лапо... 7 чалавек. Але міліцыянеры падвозяць яшчэ 9 чалавек, якіх назбіралі уначы па раёне. Суддзя за дзень такім чынам разгледзіць... 16 спраў!

"Адміністрацыйныя за распіццё ўсе", – адрэзаў мужчына, якога затрымалі разам з жонкай. Цяпер яны разважаюць, ці пайшоў сын ў школу без іх, бо ноч правялі ў міліцыі.

Адразу заўважаю жанчыну з дзяўчынай. Яны прышпіленыя адна да адной кайданкамі. Дзяўчына расказвае, за што яе затрымалі.

"Прыехаў супрацоўнік у гульнявыя аўтаматы, ён там каву п'е. Напэўна, яму нешта не спадабалася. Ну там прадаюць гарэлку, я брала сабе некалькі разоў па 50. Прывезлі у аддзел, – пераказвае некаму гэтую ж гісторыю па тэлефоне. – Прыехала міліцыя, мяне адвезлі ў аддзел і там я таксама кепска сябе паводзіла. Што мне рабіць?"


Каля 10 гадзіны суддзя пачынае прымаць першых "кліентаў" але абмаўляецца: а 10 гадзіне ў яе запланавана “вялікая справа”. Першым ідзе мужчына – 5 хвілін, штраф у 200 тысяч (2 базавыя).

Аказваецца, суд за распіццё амаль не адрозніваецца ад суда за маўклівыя акцыі. Праўда, затрыманых ахоўваюць толькі два міліцыянеры і нават адпускаюць пакурыць. У судовай залі няма сведкаў, толькі рапарты і пратакол. Рашэнне выносіцца ў сярэднім за 5 хвілін.

Наступная жанчына ў кайданках. Але паколькі міліцыянеры адмовіліся раскаваць парачку, заходзяць яны ўдваіх.

"Упадзеш на калені ў суддзі і будзеш прасіць, – наказвае міліцыянер. – Так і рабі. Падай на калені, біся лбом і кажы, што так больш не будзеш".

Жанчыну судзяць... 2 хвіліны. Суддзя яе пазнае адразу - злосная парушальніца, не аплаціла яшчэ снежаньскі штраф.

— Я заўтра заплачу! Заробак будзе, – жаліцца жанчына.

— Усе размовы скончаныя! Сорамна! А чаму вы ў кайданках?

— Не ведаю, навошта нас закавалі.

— Я зараз спытаю, – суддзя выбягае на калідор. – Супрацоўнік міліцыі, чаму яна ў кайданках мяне цікавіць?!

— Ну яны такія шустранькія, каб не збеглі, – тлумачыць старэйшы міліцыянер. 

— Яна збягала? Збягала, так?! І яна мне будзе яшчэ казаць пра нейкі штраф!

— Я вас малю, калі ласка, я заплачу заўтра штраф.

Не гледзячы на неаплачаныя штрафы, суддзя дае яшчэ адзін.

10.17 раніцы, у суд самі, без канвою міліцыі заходзяць хлопцы. Па іх будуць разглядаць грамадзянскую справу за драку. Скончыцца гэты суд толькі а 12 гадзіне – усіх адпускаюць.

У вузкім калідоры суда стаіць пах перагару. Ужо кружыцца галава і не толькі ад гэтага. Але і ад пастаяннага гоману і трызвону тэлефона ў канцылярыі, які ніхто не здымае. Прыходзяць людзі просяць кнігу скаргаў. Затрыманых групамі выводзяць папаліць.

Наступнай да суддзі ідзе жанчына, якая спрабавала скрасці бутэльку гарэлкі з крамы. 10 хвілін і гарэлка для яе стала вельмі дарагой - 1 мільён. На судзе няма сведкаў, з прысудам яна не паджаецца, міліцыянеры раяць ёй змірыцца.

"У ахоўнікаў ёсць сведкі. Яны яшчэ двух касіраў знойдуць і мінімальным штрафам тады не абыдзецца".

Жанчына пагаджаецца: "Лепш мільён заплачу, чым насіцца".

Наступным хлопец. Выходзіць праз некалькі хвілін і...свабодны, нават штраф не далі! Ноч правёў у міліцыі! Але задаволены, што адпусцілі.

Толькі а 12 гадзіне заканчваецца суд за драку. Хлопцы ідуць дадому. Суддзя пачынае прымаць далей. І тут ужо па хуткім. 5 хвілін – дзве базавых.

Апошняя дзяўчына, якую затрымалі ў гульнявых аўтаматах.

— Перакрыжуеш пальчыкі і туды да суддзі, – наказвае старэйшы міліцыянер.

— А калі мяне на суткі закрыюць?

— Наўрад ці.

Праз 7 хвілін дзяўчына выходзіць зноў у кайданках і слязах.

— А навошта кайданкі? Я не збягу.

— Ну адкуль я ведаю, адказвае малады міліцыянер.

Усе мужыкі абыходзяцца штрафамі ў 200 тысяч, двум жанчынам давядзецца заплаціць мільён і толькі адной маладой дзяўчыне даюць трое сутак.

"Хуліганка, тлумачыць маладзейшы міліцыянер. У яе куча штрафаў не аплачаных".

Дзяўчына тэлефануе сяброўцы просіць перадаць цыгарэты і ўслых лічыць суткі, калі яе мусяць выпусціць. Тэлефон у яе ніхто не забірае. А міліцыянер узгадвае, як яна ад іх збягала 3 гады таму.

— Ты не памятаеш, як ад нас збягала?

— Я?! Ад вас тая, іншая збегла.

— Не, ты ў 2009 годзе ад нас збегла. У мяне памяць добрая.

Да абеду суддзя паспявае асудзіць усіх. Але сваёй чаргі ужо чакаюць новыя затрыманыя. А калі б на кожнага з іх трацілі столькі ж часу, як на грамадзянскую справу за драку? З апытаннем сведак ды іншымі неабходнымі працэдурамі?

На пытанне журналіста Еўрарадыё аб загружанасці суддзяў у прыёмнай суда ўсміхаюцца. Таму звяртаемся ў Мін'юст.  Там распавядаюць, што ў Беларусі 1017 суддзяў. За 2011 год яны разгледзелі 59 774 крымінальных, 391 933 грамадзянскіх і 441 701 адміністрацыйных спраў. Атрымліваецца, што ў сярэднім за год суддзя разглядае амаль 900 спраў. Наша суддзя асуджае 12 чалавек за першую палову дня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі