Беларускага палітуцекача трымаюць у самай жудаснай турме Эквадора
Аляксандр Баранкоў сядзіць у турме Penal Garcia Moreno. Кожны зняволенны там мае пры сабе нож, таму выжыць даволі складана.
З уласных крыніцаў Еўрарадыё даведалася, што ў бліжэйшы час будзе разглядацца пытанне экстрадыцыі Баранкова ў Беларусь. Магчыма, актыўнасць беларускіх спецслужбаў да былога міліцыянта звязаная з блогам пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, які той вёў на іспанскай мове.
Затрыманне Баранкова адбылося напярэдадні візіта Аляксандра Лукашэнкі ў Эквадор. Сувязь паміж гэтымі дзвюма падзеямі пакуль што цмяная.
Па словах Баранкова, падчас працы ў праваахоўных органах Беларусі ён выявіў мноства фактаў злоўжыванняў і карупцыі сярод вышэйшых службовых асоб міліцыі, буйных прадпрыемстваў, а таксама фактаў крадзяжу бюджэтных грошай з боку камерцыйных структур. У ліпені 2009 года, тады яшчэ супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, ён уцёк з Беларусі, бо КДБ пачаў на яго крымінальную справу.