Беларусь не рэкамендуюць прымаць у Балонскі працэс

Такі вердыкт вынесла працоўная група Балонскага працэсу, паведамляе generation.by. Паседжанне групы, якая прадстаўляе ўсе 47 краін-удзельніц Балоньскага пагаднення, прайшло 18–19 студзеня ў Капенгагене.

Паводле ацэнкі Працоўнай группы, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу. Гаворка ідзе пра акадэмічную свабоду, інстытуцыйную аўтаномію і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй. Міністр адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад, што цяпер узначальвае Працоўную групу, кажа, што для далучэння да Балонскага працэсу Беларусь мусіць правесці "неабходныя рэформы". Сярод іншага называецца абарона правоў студэнтаў.

Даклад Працоўнай групы будзе прадстаўлены 47 міністрам вышэйшай адукацыі краін Балонскага працэсу ў красавіку на саміце ў Бухарэсце. Меркаванне групы, верагодна, стане вырашальным пры абмеркаванні беларускай заяўкі на далучэнне да працэсу.

Дагэтуль не было выпадкаў, калі заяўку краіны на ўваход у Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрыям Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. Выпадак Беларусі можа стаць беспрэцэдэнтным.

Дарэчы, супраць далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу выступіў Еўрапейскі студэнцкі саюз, польскія і літоўскія аб’яднанні студэнтаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі