Беларусь і Ўкраіна на ўзаемнай аснове выслалі ваенных аташэ

Выданне спасылаецца на крыніцу ва ўкраінскім урадзе, якая сцвярджае, што яшчэ месяц таму адбылася высылка двух супрацоўнікаў амбасады Украіны ў Беларусі — аташэ па пытаннях абароны і ваеннага аташэ.

Як прынята ў такіх выпадках, Украіна, прыняўшы рашэнне ў адказ, выслала ваеннага аташэ Беларусі. Паводле інфармацыі газеты "Дзеркало тижня. Україна", ваенны аташэ Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне Андрэй Каюк ўжо месяц як не працуе ў Кіеве.

Па адной з версіяў, прычынай такога рашэння Мінска стала наступнае, піша газета. "У канцы красавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Віктара Януковіча ў "вашывасці".  Як паведамілі крыніцы, украінскі прэзідэнт вырашыў перадаць свой адказ праз прэм'ера Мікалая Азарава, які 19 траўня знаходзіўся з візітам у Мінску. Сутнасць адказу невядомая. Але ён выклікаў негатыўную рэакцыю беларускага прэзідэнта і прывёў да высылкі ўкраінскіх дыпламатаў", — паведамляе газета.

На факце высылкі не акцэнтавалі ўвагу ні беларускі, ні ўкраінскі бок.