Фальклорныя гурты з Веткаўшчыны правялі тэрапеўтычны сеанс у Мінску

111114 Malina Folk.mp3

У аўдыторыі 123 БДУ Культуры і мастацтваў днямі высадзіўся веткаўскі фальклорны дэсант на чале з галасістымі бабулямі. Захавальніцы знакамітага старажытнага абраду ваджэння і пахавання стралы прыехалі ў сталіцу пазнаёміць студэнтаў ды аматараў фальклору з песнямі і танцамі свайго рэгіёну. Іншымі словамі, сябе паказаць, ды на людзей паглядзець, кажа спявачка Еўдакія Барсукова.

Еўдакія Барсукова: “Ну мы едзем, бо нас запрашаюць – “паехалі!” А мы проста як саромеемся. А гэту ледзьве ўгаварылі(паказвае на сваю суседку). Я ў мінулым годзе была – трошкі не так. А сёлета ўжо і весялей атрымалася. Ну дык і прыедзем, будзем распавядаць, а на нас могуць і плюнуць, а можа і добра назавуць (смяецца). Ну гэта ж вёска! Мы ж кідаем гаспадарку!”

"Стаўбунскія вячоркі"

Фальклорныя калектывы з вёсак Стаўбун і Неглюбка, і дзіцячы гурт “Задорынка” з вёскі Свяцілавічы прадэманстравалі прысутным песні беларускага календара – ад шчадровак да “жніва”, а таксама пазаабрадавыя песні, прыпеўкі і танцы. Музыка і выкладчык Універсітэта культуры і мастацтваў Алег Хаменка звяртае ўвагу на дзіўную пераемнасць пакаленняў, яскрава падкрэсленую ў танцах веткаўскіх гуртоў.

Алег Хаменка: “Менавіта дзеці могуць пераняць правільныя рухі. Таму што відавочна, што яны бачылі, як рухаюцца бабкі, і яны гэтаксама робяць. Гэта ніводзін харэограф не паставіць: правільная пастава, калі таньчаць, то ў вочы не глядзяць – такія рэчы, якія немагчыма перадаць і патлумачыць ніводнаму харэографу, які мае класічную школу. Гэта на ўзроўні адчування”.

"Задорынка"

Разам з бабулямі з вёскі Неглюбка на сцэну выйшла былая студэнтка ўніверсітэта, а цяпер супрацоўніца гомельскага абласнога метадычнага цэнтру Ірына Глушэц. Ірына ў захапленні ад стасункаў з бабулямі.

Ірына Глушэц: “Пытанне, наколькі цяжка працаваць, яно ніколі не стаіць. Таму што звычайна бабулі, калі разумеюць, што чалавек сапраўды цікавіцца, яны ўсё раскажуць, патлумачаць, пакажуць, накормяць і спаць пакладуць. Колькі вось у мяне было стасункаў з жанчынамі-носьбітамі, я не сустракала такога, каб адмовілі”.


Энергетыка бабуль, старадаўніх спеваў ды танцаў рвалася вонкі з цесных сценаў аўдыторыі 123 – у сваё натуральнае лона. Аднак гледачы фантастычнай дзеі, створанай жыхарамі Веткаўшчыны, атрымалі доўгатрывалы зарад энергіі. Нездарма спявачка і старшы выкладчык Універсітэта Наталля Матыліцкая сцвярджае пра тэрапеўтычны эфект фальклору.

Вядучая імпрэзы спявачка і даследчыца фальклору Таццяна Пладунова

 

Наталля Матыліцкая: “Аўтэнтычны фальклор – як ён на вёсцы функцыянаваў? Натуральна, нязмушана! Людзі за гэта не хацелі ні грошай, ні ўзнагарод, нічога. Яны рабілі гэта для сябе. Таму яны перадаюць гэтую атмасферу вось тут. Пануе атмасфера добразычлівасці дзякуючы гэтым жанчынам. Гэта робіць, я б сказала, нават тэрапеўтычны эфект”.

Спявачкі з вёскі Неглюбка і спадар Слізскі на гармоніку

Напрыканцы імпрэзы рэктар БДУ культуры і мастацтваў Барыс Святлоў уручыў усім гасцям з Веткаўшчыны граматы і падарункі. Будзем спадзявацца, што наступную сустрэчу з носьбітамі старажытных нацыянальных традыцый галоўны культурны ўніверсітэт краіны правядзе на вольным паветры. А мара прафесара Дарашэвіча здзейсніцца: аднойчы ўся Беларусь палюбіць свой фальклор!

Прафесар Дарашэвіч: “У мяне няма слоў! Няма слоў, таму што я памяшаны на фальклоры на гэтым. І гэта так цудоўна, што я не ведаю нічога лепшага, прынамсі, сёння. Гэта проста нешта, што я не магу параўнаць ні з чым! Гэта такая асалода, гэта такое мастацтва! І мне вельмі шкада тых, хто гэтага не разумее! Я думаю, што праз некалькі гадоў гэта будуць разумець амаль усе! Уся Беларусь будзе захапляцца фальклорам! Так і будзе!”

Эпізод вясельнага абраду вёскі Стаўбун


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі