Арганізатары "плюшавага дэсанту": Сурапін не мае адносінаў да акцыі

Сурапін размаўляў са шведамі. Але — пасля публікацыі фотак з мядзведзікамі

Нагадаем, дваццацігадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ першым размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Мінскам. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 13 ліпеня. У дачыненні да Антона распачата крымінальная справа, ён падазраецца "ў дапамозе незаконнаму перасячэнню мяжы". Сурапін сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянят яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.

Томас Мазеці, які разам з калегай Ханай Лінай Фрэй кіраваў самалётам падчас акцыі, распавёў Еўрарадыё, што ўвогуле не кантактаваў з беларусамі перад акцыяй. 

Еўрарадыё: Ці кантактавалі вы  з Антонам Сурапіным ці з нейкімі іншымі беларусамі падчас падрыхтоўкі акцыі?

Томас Мазеці: Не. Мы не кантактавалі ні з ім, ні з кім іншым. 

Еўрарадыё:  Ці магчыма, што нехта іншы, хто ведаў пра акцыю, кантактаваўся з Антонам Сурапіным? 

Томас Мазеці: Не думаю. 

Еўрарадыё: Мішкі на фотаздымках, якія апублікаваў Сурапін – тыя ж, якіх вы скідвалі? 

Томас Мазеці: Дакладна. Большасць мядзведзікаў мела беларускі тэкст, але некаторыя на адваротным баку мелі англійскія надпісы. 

Еўрарадыё: Адкуль вы ведаеце беларускую мову?

Томас Мазеці: Мы не ведаем. Нам дапамог перакладчык, шведскі хлопец, які ведае беларускую мову.

Еўрарадыё: Ці ўсе мядзведзі былі аднолькавыя?

Томас Мазеці: Не. Было шмат відаў мядзведзяў. Было каля 800 мішак і ўсе мелі, напрыклад, розныя галовы, крыху адрозніваўся і тэкст на цыдулках.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя два-тры дні арганізатары акцыі выступяць з афіцыйнай заявай з гэтай нагоды. Томас Мазеці кажа, што гатовы адказаць на пытанні беларускіх следчых, калі яны прыедуць у Швецыю. Дарэчы, ён не ведае, хто мог даслаць Антону Сурапіну фотаздымкі з медзведзянятамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі