“Ад мінулых законаў аб амністыі гэты адрозніваецца палітычным складнікам”

У сераду 27 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прымае праект закону “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы”. Прынялі надзвычай імкліва, адразу ў двух чытаннях. Але для апанентаў улады гэты закон палёгкай, па ўсім відаць, не стане.

Ён адрозніваецца ад папярэдніх законаў аб амністыі менавіта палітычным складнікам, — тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.Да артыкулаў Крымінальнага кодэкса, на якія не распаўсюджваецца амністыя, дадалі палітычны. Раней у гэтым уліку ніколі не было такіх артыкулаў, як 342-і (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) ці “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта”. Таму што гэта нязначныя злачынствы, і іх паставілі ў адзін шэраг з цяжкімі і асабліва цяжкімі, як забойства, бандытызм, тэрарызм”.

На наша пытанне, ці выйдзе хто-небудзь з “палітычных” з месцаў пазбаўлення волі, Валянцін Стэфановіч адказвае катэгарычным “не”.

На Паўла Севярынца, напрыклад, не распаўсюджваецца амністыя, бо яна ўжо прымянялася ў перыяд з 2005-га па 2012-ы гады, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч. — Усе асуджаныя да ўмоўных тэрмінаў, з адтэрміноўкай (Халіп, Някляеў, Рымашэўскі і іншыя) таксама пад амністыю не трапляюць. Тое самае тычыцца Пачобута. Астатнія, на каго амністыя магла б распаўсюджвацца, з’яўляюцца “злоснымі парушальнікамі рэжыму”. Гэта Бяляцкі, Статкевіч, Дашкевіч. Аўтуховічу, Статкевічу і Васьковічу рэжым утрымання зменены на больш жорсткі”.

Магчыма, каб абмежаваць верагоднасць вызвалення па амністыі, апанентам улады актыўна ўпякаюць спагнанні ў месцах пазбаўлення волі. Напрыклад, Бяляцкага б не вызвалілі, але тэрмін мог бы быць скарочаны на адзін год.

Валянцін Стэфановіч: “Дарэчы, Алесь Бяляцкі меў магчымасць патрапіць пад амністыю — калі б на яго спагнанні гэтыя не наклалі”.

Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігнацій Місурагін курыраваў законапраект “Аб амністыі”. Адказваць на пытанне Еўрарадыё, чаму ў закон унеслі артыкул 324 Крымінальнага кодэкса, не стаў:

“Палітычных зняволеных у нас няма. І не трэба мяне правакаваць такімі пытаннямі”.

 

Закон “Аб амністыі” пачне дзейнічаць пасля прыняцця Саветам Рэспублікі, падпісання прэзідэнтам і апублікавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі