Рэгулюючы Інтэрнэт, нас могуць пакінуць без сувязі па мабільніку

Правайдэры папярэджваюць, што праект указа аб рэгуляванні Інтэрнэт-прасторы можа пакінуць людзей без мабільнай сувязі Як стала вядома Еўрарадыё, 17 снежня кіраўнікі арганізацый-пастаўшчыкоў Інтэрнэт-паслуг абмяркоўвалі праект указа прэзідэнта "Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт". Але вынікі гэтай нарады несуцяшальныя.

Паводле слоў выканаўчага дырэктара асацыяцыі арганізацый інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій “Белінфакам” Уладзіміра Стаўскага, насцярожвае тое, што гэты так званы "праект указа" да гэтага часу афіцыйна не апублікаваны. Але нават калі гэта здарыцца, магчымасцяў неяк паўплываць на яго ўдасканаленне ў іх не будзе.

Уладзімір Стаўскі: “Кола органаў, якія ўзгадняюць гэты дакумент, абмежаванае — гэта ж праект указа. Напрыклад, толькі Міністэрства сувязі. Туды можна прапановы ўносіць. І тое — мы можам па іншых заканадаўчых актах, а па праекце ўказа… Нам яго ніхто не накіроўваў — ні Міністэрства, ні Адміністрацыя прэзідэнта. Мы не можам яго разглядаць: а раптам гэта “качка”? Можна толькі афіцыйная дакументы разглядаць. Мы можам толькі прасіць разгледзець нашыя прапановы. Але юрыдычных падставаў для таго, каб унесці нейкія змены альбо нашую думку ў гэты дакумент, у нас няма”.

Але сказаць, якія б прапановы ён хацеў давесці да ведама распрацоўшчыкаў праекта гэтага ўказу, якія змены туды ўнесці і ўвогуле выказаць сваё стаўленне да гэтага дакумента, дырэктар “Белінфакама” катэгарычна адмовіўся.

Уладзімір Стаўскі: “Я раней працаваў у заканадаўчым органе і прывучаны да таго, каб выказвацца па нейкіх афіцыйных дакументах. А калі нешта апублікавана і невядома, адпавядае гэта рэчаіснасці ці не, калі невядома — “качка” гэта ці інфармацыя праўдзівая… Ну, як можна нешта казаць пра гэты дакумент?”

Таму, кажа, тое, якія крокі і дзеянні зробіць асацыяцыя, альбо якія прапановы будзе ўносіць, не будзе распаўсюджвацца да таго часу, пакуль гэты праект не будзе прадстаўлены грамадскасці афіцыйна.

Тое, што дадзены праект указа можна абмяркоўваць толькі на ўзроўні чутак, кажа і выканаўчы дырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі “Айчына Плюс” Максім Ляўданскі. Таму зараз, паводле слоў дырэктара, будуць прыкладзеныя ўсе намаганні, каб гэты праект быў атрыманы зацікаўленымі асобамі афіцыйна.

Максім Ляўданскі: “Будзем спрабаваць атрымаць гэты дакумент у арыгінале. Калі паспрабаваць зразумець, дзеля чаго гэты дакумент ствараецца і што ён мае на мэце, калі гэта дакумент, накіраваны на лібералізацыю, — тады гэта адны пытанні і адна фармулёўка. Калі гэта дакумент карнага характара — тады зусім іншыя пытанні і фармулёўкі”.

Што ж тычыцца таго дакумента, які з’явіўся ў Інтэрнэце ў якасці праекта ўказа, то ў Максіма Ляўданскага ён выклікае ўражанне грунтоўнай недапрацаванасці.

Максім Ляўданскі: “Вельмі сыры. Сапраўды — праект. Прычым, праект першага ці другога захода. Куча нестыковак. Пачынаючы ад тэрміналогіі і заканчваючы банальнай логікай пабудовы сказаў. Яго неабходна дапрацоўваць — але разумеючы, якая мэта гэтага дакумента”.

Вось толькі і тады, калі гэты праект з’явіцца афіцыйна, магчымасці неяк на яго паўплываць у тых, каго ён датычны, не будзе.

Максім Ляўданскі: “Каму даваць вынік свайго аналіза? Так, я атрымаў дакумент, так, я бачу ў ім нейкія нядобрыя альбо няправільныя рэчы. Але каму мне накіраваць рэкамендацыі? Накіроўваць свае прапановы прэзідэнту? Ніхто іх там чытаць не будзе”.

Што ж тычыцца нядобрых і няправільных рэчаў, то іх, на думку дырэктара “Айчыны Плюс”, у дакуменце хапае. Напрыклад, абавязковы перанос хостынга ў Беларусь.

Максім Ляўданскі:
“Гэта чарговая манаполія. А манаполія ніколі не была дабром. Калі мы перанясем хостынг толькі ў Беларусь, то гэта прывядзе да таго, што ў нас хостынг памрэ. Да і ў прынцыпе гэта немагчыма”.

Выклікае занепакоенасць і прапанова перакласці адказнасць за дзеянні карыстальніка на правайдэра. Прычым можа здарыцца так, што пацерпяць не толькі карыстальнікі Інтэрнэт-паслуг, але і абаненты мабільнай сувязі.

Максім Ляўданскі:
“Просты прыклад: я бяру мабільны тэлефон, выходжу ў Інтэрнэт праз Velcom, ці МТС, ці БеСТ і размяшчаю на нейкім сайце інфармацыю, якая супярэчыць заканадаўству Беларусі. На падставе няправільных фармулёвак указа могуць вынесці прадпісанне Velcom аб прыпыненні яго дзейнасці на тэрмін, не большы за 1 месяц. Падумайце: раптам Velcom, ці МТС, ці БеСТ перастаюць аказваць паслугі — што адбываецца?”

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, што думаюць аператары тэлефоннай сувязі наконт праекта указа. Але кіраўнік прэс-службы Velcom Марына Паўленка адмовілася ад каментароў на гэтую тэму. Як і кампанія МТС.

Пацікавілася Еўрарадыё стаўленнем да праекту ўказа ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі. Але і супрацоўнік дэпартамента інфарматызацыі міністэрства Канстанцін Вінаградаў ад каментароў адмовіўся.

Канстанцін Вінаградаў: “Мы не каментуем гэтую інфармацыю пакуль. Гэта афіцыйная пазіцыя міністэрства”.

Нягледзячы на тое, што праект указа, датычны рэгулявання Інтэрнэта, нідзе да гэтага часу не з’явіўся ў якасці афіцыйнага дакумента, дырэктар кампаніі “Айчына Плюс” Максім Ляўданскі не лічыць яго “качкай”.

Максім Ляўданскі: “Я не лічу гэта “качкай”, бо я ведаю, што гэты ўказ абмяркоўваецца на дастаткова сур’ёзным узроўні. Адзінае — я не разумею, чаму дзяржава ў дадзеным выпадку менавіта такім чынам спрабуе вынесці дакумент на грамадскае абмеркаванне”.

Значна прасцей, кажа ён, было б даць гэтаму дакументу афіцыйны ход, прыцягнуць да яго абмеркавання зацікаўленых людзей і папрасіць іх у абмежаваны тэрмін даць сваю ацэнку і выказаць прапановы. А тое, як дакумент з’явіўся ў СМІ, Максім называе “фіктыўным злівам інфармацыі”

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі