Разлікова-касавыя цэнтры: Мы не атрымлівалі загад пералічваць тарыфы

Разлікова-касавыя цэнтры: Мы не атрымлівалі загад пералічваць тарыфы

Да 1 сакавіка тарыфы на камуналку павінны быць пералічаныя. Пра гэта яшчэ 26 лютага ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” заявіў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Аніфімаў.

“Створаная спецыяльная рабочая група па даручэнні кіраўніка дзяржавы пад кіраўніцтвам Камітэта дзяржкантролю з удзелам урада, Адміністрацыі прэзідэнта, якая цяпер разглядае, пералічвае гэтыя тарыфы ў адпаведнасці з выдаткамі, што складваюцца рэальна”, — сказаў Леанід Анфімаў. Чыноўнік таксама адзначыў, што на ўсё гэта ёсць вельмі мала часу. Па словах кіраўніка Камітэта дзяржкантролю, цяпер тарыфы на камунальныя паслугі будуць заставацца нязменнымі да асобага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі.

Тым часам у Разлікова-касавых цэнтрах пры ЖРЭА Мінска, якія адказваюць за “жыроўкі”, пра новыя падлікі камуналкі пакуль нічога не ведаюць.

“Мы не атрымлівалі ніякага паведамлення аб неабходнасці нанова падлічваць плацяжы. Калі атрымаем, то пералічым. Але пакуль нічога такога не было”, — расказваюць Еўрарадыё ў Разлікова-касавым цэнтры ЖРЭА №4 Мінска. Тое самае паўтараюць і яшчэ ў некалькіх такіх установах сталіцы.

Тым часам стала вядома, што плата за "камуналку" за студзень вырасла па трох прычынах. Пра гэта заявіў міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў. Па словах чыноўніка, на рост плацяжоў паўплывалі павышэнне тарыфаў, раздзяленне функцыяў у жыроўках і студзеньскае пахаладанне: сярэдняя тэмпература ў студзені была на дзевяць градусаў ніжэй, чым у снежні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі