Ратаваў людзей, трапіў у турму:начальнік станцыі АСВОД другія суткі на Акрэсціна

Пётр Траццякоў і яго сям'я / Euroradio
Пётр Траццякоў і яго сям'я / Euroradio

Жонка ратавальніка Пятра Траццякова — начальніка станцыі АСВОД "Заслаўе-2" — другія суткі не можа ўбачыць мужа. 6 верасня Пётр разам з іншымі ратавальнікамі даставаў з вады пратэстоўцаў, якія скакалі ў Камсамольскае возера, ратуючыся ад пераследу АМАПа.

Людзей дасталі з вады, перавезлі на станцыю, аказалі неабходную дапамогу і дапамаглі сагрэцца. Літаральна праз гадзіну па ратавальнікаў прыйшла міліцыя. Іх сваякі мяркуюць, што супрацоўнікаў АСВОД затрымалі за непадпарадкаванне законным распараджэнням супрацоўнікаў АУС: маўляў, не прывезлі пратэстоўцаў у рукі амапаўцаў.

Спасал людей — попал в тюрьму:начальник станции ОСВОДа вторые сутки на Окрестина

—  У вайберы ў 19:35 прыйшло паведамленне "Я ў міліцыі. Пакуль не тэлефануйце". У 23 гадзіны ён ператэлефанаваў, сказаў, што ў яго ўсё добра, ён дае паказанні і ператэлефануе, як толькі адпусцяць. Пасля гэтага на сувязь ён не выходзіў, — расказвае Еўрарадыё Алена. — Мы абзвоньвалі па ўсіх тэлефонах, не маглі даведацца, дзе знаходзіцца Пётр. Разумелі, што нервавацца, бегаць і істэрыць — гэта па-дурному, але…

Першую ноч мы вычэквалі, але ўжо бліжэй да раніцы зразумелі, што трэба абзвоньваць і даведвацца. Тэлефон не адказваў — гэта значыць, што чалавека забралі. Пра тое, што ён на Акрэсціна, нам паведаміла кіраўніцтва АСВОДа. Калі мы ўжо даведаліся, што ён у ізалятары, то не паспелі перадаць рэчы. Змаглі перадаць іх толькі сёння.

Перадачу ў ізалятар у завулку Акрэсціна маме Пятра ўдалося занесці толькі восьмага верасня.

Мама затрыманага выратавальніка чакае сына ля ізалятара

“Малодшая дачка ведае, што тата на Акрэсціна”

У сям'і Пятра Траццякова дзве дачкі. Яны чакаюць, калі адпусцяць іх тату.

— Мы з Пецем разам вучыліся яшчэ ва ўніверсітэце. Мы больш за 20 гадоў разам. Я магу сказаць, што гэта цудоўны муж і цудоўны тата. Ён у нас прынцыповы і ў доме ён гаспадар. Часам спрачаемся, вядома. Ён заўсёды хварэе і за працу, і за тое, што ў доме, перажывае за тое, што адбываецца, заўсёды імкнецца паступаць паводле гонару.

Малодшая дачка ведае, што тата на Акрэсціна. Яна гэта спакойна ўспрымае, толькі пытаецца, калі тату адпусцяць. Мы панікі не падымаем, мы чакаем развіцця сітуацыі. У сям'і без істэрык.

Па словах Алены, вада — гэта стыхія Пятра. Перад тым як стаць начальнікам станцыі, ён некалькі гадоў працаваў вадалазам.

— Працу сваю ён любіць, ён ішоў у яе мэтанакіравана. Мы па спецыяльнасці эколагі, ён сам плывец, займаўся прафесійна. Калі ў яго атрымалася трапіць у вадалазы, напэўна, гэта была яго мара — ён заўсёды з вадой, гэта яго стыхія.

Уся яго праца — суцэльная надзвычайная сітуацыя

На пытанне, ці бывалі нейкія ў працы Пятра надзвычайныя здарэнні і небяспечныя сітуацыі, Алена адказвае, што ўся яго праца — суцэльная надзвычайная сітуацыя.

— Начальнікам станцыі на "Заслаўі-2" ён ужо каля пяці гадоў, на выратавальных станцыях ён працуе больш за дзесяць гадоў. У іх пастаянна адбываюцца выратавальныя аперацыі: сярод ночы могуць патэлефанаваць, што дзесьці нешта знесла ці хтосьці знік. І зрываюцца сярод ночы, едуць і ратуюць. У любы момант могуць патэлефанаваць яго работнікі і сказаць пра надзвычайнае здарэнне. Ён кансультуе ці едзе сам. Гэта нармальная практыка для ратавальнікаў-вадалазаў, гэта штатная сітуацыя. Мы ўжо прывыклі да таго, што, нават калі ў яго выходны або адпачынак, ён тэлефануе на станцыю, каб даведацца, ці ўсё ў парадку.

Пётр Траццякоў кожны год выступае на рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах АСВОД, пастаянна займае прызавыя месцы. У 2018 годзе ён стаў найлепшым вадалазам-інструктарам.

Лёс Пятра і іншых ратавальнікаў (Еўрарадыё вядомыя асобы пяці затрыманых супрацоўнікаў АСВОД) яшчэ вырашаецца. У раскладзе працы суддзяў Цэнтральнага раёна Мінска прозвішчаў ратавальнікаў яшчэ не было. Увечары 9 верасня мінаюць трое сутак з моманту іх затрымання, а значыць, альбо іх справы павінны быць перададзеныя ў суд, альбо іх павінны адпусціць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі