Рассельгаснагляд можа забараніць пастаўкі ялавічыны з усёй Беларусі

Рассельгаснагляд можа забараніць пастаўкі ялавічыны з усёй Беларусі

Рассельгаснагляд мае падставы, каб забараніць пастаўкі ялавічыны з усёй тэрыторыі Беларусі. Гэтую меру могуць увесці, калі Беларусь не прыме экстранныя меры па ўзмацненні кантролю за бяспекай мяса. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на аддзел лабараторнага кантролю расійскага ведамства.

Расійскія спецыялісты заяўляюць, што беларуская ялавічына не праходзіць дастатковы ветэрынарны кантроль, і ў ёй пастаянна выяўляюць лістэрыі.

Напрыклад, з 12 студзеня па 8 лютага 2017 года лістэрыі двойчы выяўлялі ў астуджанай ялавічыне Жлобінскага мясакамбіната, а таксама ў замарожанай ялавічыне прадпрыемства "Палессе" (філіял Лунінецкага райпо). Такія ж парушэнні выяўленыя ў прадукцыі мясакамбіната "Кашалёва" і Аршанскага мясакамбіната.

Таксама Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да якасці мяса птушкі, якое паступае з Беларусі. Напрыклад, сёлета ў мясе птушкі з племзавода "Беларускі" і "Дубраўскага бройлера" былі выяўленыя сальманэлы.

Нагадаем, што Рассельгаснагляд з 6 лютага забараніў пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці. Па звестках раійскіх ветэрынараў, прадпрыемствы Міншчыны пастаўлялі ў Расію ўкраінскую ялавічыну, што забаронена ў Расіі.

На прэс-канферэнцыі 3 лютага Аляксандр Лукашэнка загадаў пачаць крымінальную справу на кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. Па словах беларускага кіраўніка, Данкверт ставіць перашкоды якасным беларускім прадуктам, бо абараняе расійскую прадукцыю. Наколькі вядома Еўрарадыё, крымінальную справу на Данкверта беларускія праваахоўнікі пакуль не пачалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі