Расійскія кампаніі зварочваюць бізнэс у Беларусі і звальняюць працаўнікоў

Як даведалася Еўрарадыё, многія кампаніі з расійскім капіталам ці беларускія кампаніі, арыентаваныя на Расію, пачалі скарачаць штат альбо прасіць супрацоўнікаў сыходзіць у адпачынак за свой кошт. “Скарачэнні мы назіраем, пра гэта мы дазнаемся і ад кліентаў. Мы ведаем, што спыніўся падбор. На жаль, і скарачэнне людзей, асабліва звязаных з канкрэтным аб’ектам. Напрыклад, мы сутыкаліся з будаўніцтвам, рабочыя спецыяльнасці былі скарочаныя цалкам”, - распавяла Еўрарадыё Ірына Бломнік, намеснік дырэктара кадравага агенства “Сакрэт Поспеху”.

Ігар Кочэтаў, дырэктар кадравага агенства "KIAT", патлумачыў, што многія кампаніі спрабуюць змагацца з цяжкасцямі у некалькі этапаў:

“Спачатку мяккі варыянт – не набіраюць новых супрацоўнікаў. Другі варыянт – прапануюць сыйсці людзям, без якіх можна выжыць (напрыклад, супрацоўнікам бэк-офіса). І трэці – пачынаецца перавод на ніжэйшую тарыфную стаўку, сыход у адпачынак за свой кошт, але не ўсім гэта падабаецца, таму некаторыя пачынаюць звальняцца. Але я б не сказаў, што там сітуацыя горшая, чым на якім-небудзь флагмане беларускім”.

Яшчэ магчымая эканомія на інтэрнэт-трафіку, на офіснай пітной вадзе, карпаратыўных святах, - дадаў Ігар Кочэтаў.

На самыя скрайнія меры ўжо пайшлі некаторыя расійскія і ўкраінскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі. Праўда, яны пакуль не звальняюць людзей, а просяць напісаць заяву аб сыходзе ў адпачынак за свой кошт, - распавяла Еўрарадыё Ірына Бломнік, намеснік дырэктара кадравага агенства “Сакрэт Поспеху”:

“Людзі прыйшлі ў адзін цудоўны сонечны дзень, пару дзён таму. Іх папрасілі, у сувязі з крызісам, калі ласка, вазьміце адпачынак за свой кошт на 2 месяцы. А далей паглядзім…”.

Такое становішча назіраецца не толькі ў прадстаўніцтвах расійскіх кампаній, але і ў кампаніях, якія працуюць на Расію.

Шмат якія ўкраінскія кампаніі у рэгіянальных філіялах Магілёва, Брэста, Віцебска, Гродна вырашылі скараціць 80% людзей. Там дзейнічаюць па такой схеме: просяць на паўгода ўзяць адпачынак за свой кошт, хаця па беларускім заканадаўстве можна толькі на месяц. Гэта таму, што кампаніі не хочуць звальняць работнікаў - таксама па прычынах эканоміі. Бо звальненне прымушае выплаціць дапамогу ў памеры трохмесячнага заробку, з папярэджаннем супрацоўніка за 2 месяцы.

Можна казаць аб тым, што колькасць новых праектаў па прыходу расійскіх кампаній у Беларусь рэзка зменшылася, - гаворыць дырэктар кадравага агенства "KIAT” Ігар Кочэтаў:

“Колькасць праектаў па адкрыцці новых кампаній у Беларусі рэзка зменшылася. А ў нас яна была дакладная і яўная. Літаральна, былі адмовы напрацягу верасня, кастрычніка месяца. Адмаўляліся тыя, хто збіраўся заходзіць на рынак Беларусі, адчыняць кампанію, набіраць персанал”.

Агульная сітуацыя такая, што кампаніі зварочваюць бізнэс у Беларусі, распавялі Еўрарадыё і ў мінскім кадравам агенцтве “Анкор”:

“Тое, што мы бачым – кампаніі зварочваюць свой бізнэс у Беларусі. Але я б не казала, што гэта тэндэнцыя. Гэта нармальная сітуацыя”.


Фота - ph.by.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі