Расійскія дроны атакавалі поўдзень Украіны, ёсць трапленні — 405-я раніца вайны

Сілы СПА Украіны збілі 14 з 17 іранскіх беспілотнікаў, якія запусцілі расіяне / facebook.com/OperationalCommandSouth
Сілы СПА Украіны збілі 14 з 17 іранскіх беспілотнікаў, якія запусцілі расіяне / facebook.com/OperationalCommandSouth

Гэтай ноччу расіяне атакавалі дронамі поўдзень Украіны. Было 17 беспілотнікаў, 14 атрымалася збіць, кажуць ва ўкраінскім аператыўным камандаванні "Поўдзень". 13 дронаў ліквідавалі ў небе Адэскай вобласці, яшчэ адзін — над Мікалаеўскай. Паводле папярэдняй інфармацыі, чалавечых страт няма. Але ёсць трапленне — па адным з прадпрыемстваў у Адэскай вобласці. Там успыхнуў пажар, яго ўжо ліквідавалі. Паветраная трывога ў Адэсе і вобласці доўжылася з 1:23 да 3:14.

Неспакойна гэтай ноччу было і ў Бранскай вобласці Расіі. Губернатар вобласці Аляксандр Багамаз кажа, што адна выбуховая прылада з дрона пашкодзіла ваенкамат, другая — будынак УМВД. Абодва размешчаны ў Сеўскам раёне вобласці. Пацярпелых, па словах Багамаза, няма.

Да сітуацыі на фронце. Расіяне працягваюць весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы на гэтых кірунках адбілі 69 нападаў. Самыя жорсткія баі працягваюцца за населеныя пункты Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба.

"На Бахмуцкім кірунку вораг спрабуе ўзяць пад поўны кантроль горад Бахмут, працягвае яго штурмаваць. Вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні паблізу населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка і Іванаўскае", — адзначаюць вайскоўцы з Генштаба. За суткі сілы абароны Украіны адбілі тут 32 атакі праціўніка.

Российские дроны атаковали юг Украины, есть попадания  — 405-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

У зводцы Генштаба таксама адзначаецца, што "пэўныя падраздзяленні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь працягваюць выконваць задачы ў памежных з Украінай раёнах". Расія працягвае выкарыстоўваць паветраную прастору і тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру. На беларускіх палігонах ажыццяўляецца падрыхтоўка расійскіх падраздзяленняў.

Расіяне актыўна рыхтуюцца да магчымага наступу УСУ ў Крыме, піша The Washington Post. Выданне публікуе спадарожнікавыя здымкі кампаніі Maxar, на якіх відаць, як у розных раёнах паўвострава выкапаныя дзясяткі кіламетраў акопаў, траншэй і ўсталяваныя "зубы дракона". Уздоўж берага Чорнага мора размешчана артылерыя. Найбольш складаная сістэма траншэй — у раёне сяла Мядзведзеўка на поўначы паўвострава.

Российские дроны атаковали юг Украины, есть попадания  — 405-е утро войны
Акопы і траншэі ў Крыме / Maxar, washingtonpost.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора сустрэўся з дэлегацыяй Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад Рэспубліканскай партыі. Дэлегацыю ў гэтай паездцы ў Кіеў узначаліў старшыня Пастаяннага камітэта па пытаннях разведкі Майкл Тэрнер, паведамляе офіс украінскага прэзідэнта. На сустрэчы абмяркоўвалі далейшае спрыянне з боку ЗША і ролю Кангрэса ў гэтым працэсе. Зяленскі выказаў надзею, што высокі ўзровень падтрымкі і ўзаемадзеяння паміж дзвюма дзяржавамі будзе захоўвацца, бо "гэта залог сумеснай перамогі над расійскім агрэсарам".

А ў вячэрнім відэазвароце Зяленскі распавёў пра сустрэчу з былым кіраўніком Дзярждэпартамента ЗША Майкам Пампеа.

Тым часам сам Пампэа падчас візіту ў Кіеў заявіў, што прэзідэнта Расіі нельга недаацэньваць. Уладзімір Пуцін, з ягоных слоў, прызнае толькі сілу і рашучасць. Словы экс-кіраўніка Дзярждэпартамента прыводзіць Sky News.

На думку Пампеа, для абароны ад буйных наземных войнаў у Еўропе патрэбная новая архітэктура бяспекі. "Павінен быць шэраг дамоўленасцяў, якія выразна далі б зразумець, што Уладзімір Пуцін больш не зможа гэтага зрабіць", — адзначыў ён. У яго спыталі, ці падтрымлівае ён выдачу Украіне знішчальнікаў F-16 і ракет вялікай далёкасці. Пампея адказаў: "Так, і навучанне, і праграмнае забеспячэнне, і ўсё, што неабходна для рэальнай абароны вашай зямлі".

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг просіць краіны Альянсу павялічыць унёскі ў Фонд комплекснага пакета дапамогі NATO для Украіны. Гаворка ідзе пра кароткатэрміновую дапамогу, такую як паліва, ахоўнае абсталяванне і сістэмы барацьбы з беспілотнікамі. Пра гэта піша Bloomberg. На думку Столтэнберга, саюзнікі маглі б выдзяляць на гэтыя мэты па 500 мільёнаў еўра ў год. Гэты ж пакет можа быць накіраваны і на прадастаўленне Украіне доўгатэрміновай падтрымкі, каб дапамагчы мадэрнізаваць яе ўзброеныя сілы. Але ў дадзеным выпадку, па дадзеным крыніц Bloomberg, гаворка ідзе пра несмяротную зброю. Пачаць працу над шматгадовай праграмай для Украіны міністры замежных спраў краін НАТА павінны сёння. Сёння ў Бруселі адкрываецца іх двухдзённая сустрэча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі