Лідары сепаратыстаў сыходзяць — "праект Наваросія" закрываецца?

Навіна пра “звальненне з пасады” міністра абароны ДНР Ігара Гіркіна-Стралкова выклікала вялікі рэзананс. І шмат версій як таго, што насамрэч сярод сепаратыстаў адбываецца, так і таго, што чакае ў найбліжэйшай будучыні “праект Наваросія”. Магчыма, іх сыход азначае, што праект Наваросія закрываецца?

Расійскі палітолаг Наталля Бурлінава сцвярджае, што высновы рабіць рана і будучыня “Наваросіі” застаецца цьмянай. А ў сыходзе “галоўных твараў праекту” яна схільная бачыць “перастаноўкі ўнутры эліт ДНР і ЛНР”.

Наталля Бурлінава: “Цяпер прыходзяць людзі, якія цесна звязаныя з гэтымі двума ўтварэннямі, якія з’яўляюцца людзьмі з гэтай зямлі. Таму, думаю, што ідзе нейкі працэс перафарматавання палітычнай сітуацыі. А да чаго ён прывядзе, у што гэта ўсё выльецца — ніхто цяпер дакладна не ведае, што там адбываецца ўнутры. Чаму няма ніводнага афіцыйнага каментара з боку таго ж Стралкова?”

Асцярожна каментуе сыход лідараў сепаратыстаў са сцэны ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.

Уладзімір Фясенка: “Тое, што яны альбо ўцякаюць, альбо іх выводзяць, сведчыць пра тое, што, з аднаго боку, самі гэтыя лідары не адчуваюць перспектывы ў гэтым руху і для іх відавочная верагоднасць паразы. І таму яны дзейнічаюць па вядомым прынцыпе: “Галоўнае — своечасова змыцца”. Магчыма, кагосьці планава выводзяць з-пад агню. Альбо разумеюць, што гэтыя людзі страцілі матывацыю і іх трэба замяніць на іншых, тых, хто будзе выконваць выключна ваенныя задачы. Таму рана казаць, што зліваюць гэты праект. Але гэтыя кадравыя перастаноўкі кажуць пра відавочны крызіс ў кіраўніцтве сепаратысцкага руху”.

Ды і неяк не зусім прыгожа, калі “вызваленчы рух на Данбасе” ўзначальваюць расіяне, а ваююць у яго шэрагах у пераважнай большасці расійскія наёмнікі, дадае Фясенка.

Не такія аптымістычныя прагнозы наконт будучыні “праекту Наваросія” ў беларускага палітолага, які цяпер працуе ў Кіеве, Аляксандра Фядуты. Сведчаннем гэтага, кажа эксперт, з’яўляецца не толькі сыход са сваіх “пасад” лідараў сепаратыстаў з расійскімі пашпартамі, але і перахопленыя 14 жніўня размовы аднаго з “расійскіх добраахвотнікаў на Данбасе з куратарам з ФСБ”.

Аляксандр Фядута: “Гэты чалавек фактычна просіць, каб яго вывезлі з тэрыторыі Данбаса, з тэрыторыі Украіны. Ён кажа пра тое, як ненавідзяць жыхары Данбаса гэтых людзей, тых, хто цяпер ходзіць па Данецку ў вайсковай, апалчэнскай, сепаратысцкай форме”.

І робіць несуцяшальную для прыхільнікаў “праекту Наваросія” выснову:

Аляксандр Фядута: “Расія спрабуе вывезці з зоны канфлікту тых, хто гэтую кашу і заварыў і пакінуць абстраляныя і амаль зруйнаваныя Данецк і Луганск украінскай арміі — хай яны там высвятляюць адносіны, хто ў чым вінаваты. А Расія будзе невінаватая ні ў чым, як яна лічыць. Ідзе не “зліў” — ідзе спроба выйсці з вельмі нязручнай для Расіі сітуацыі”.

На гэтым фоне дастаткова падазроным выглядае той факт, што 280 грузавікоў расійскага гуманітарнага канвою прыйшлі на Данбас… напалову пустымі. Навошта было столькі машын выпраўляць у дарогу, калі груз змясціўся б на палове з іх?

Уладзімір Фясенка схіляецца да думкі, што зроблена гэта было выключна для тэлевізійнай карцінкі. Маўляў, паглядзіце, які вялікі канвой, як шмат гуманітарнай дапамогі мы адпраўляем на Данбас! Іншая версія ў Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута: “Галоўнае цяпер не тое, які груз на Данбас завозяць расіяне, а які будуць вывозіць. На маю думку, яны паспрабуюць вывезці грамадзян Расіі, якія ўдзельнічаюць у гэтым канфлікце, тых, хто распальваў гэты канфлікт”.

Расійскі палітолаг Наталля Бурлінава версію беларускага калегі не прымае. Кажа, што не верыць у напалову пустыя “гуманітарныя грузавікі”, а тыя, хто хоча выехаць з Украіны ў Расію, могуць зрабіць гэта і без дапамогі “гуманітаркі” — мяжа даволі празрыстая.

Фота: Змітра Лукашука, lcmedia.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі