Расійскі драматург: Веру, што спектакль пра Някляева пакажам у Беларусі

Маскоўскі Театр.doc распачаў рэпетыцыі новага спектакля “Двое ў тваім доме”. У аснове сюжэту, напісанага паводле дакументальнай п’есы Алены Грэмінай, гісторыя хатняга зняволення беларускага паэта і кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Ставіць спектакль рэжысёр Міхаіл Угараў. Па яго словах, на пытанне акцёрам, ці ёсць у іх супрацьпаказанні да гэтай працы, адзін запытаўся: “А нас не заб’юць?”

Театр.doc вядомы сваімі арыгінальнымі пастаноўкамі. Напрыклад, у мінулым сезоне выйшлі на сцэну прэм’еры спектакляў пра маскоўскія сквоты, пастаноўка “Запалі мой агонь”, заснаваная на інтэрв’ю Джыма Морысана, Джэніс Джоплін і Джымі Хэндрыкса.

У гасцях у Еўрарадыё пабывала драматург і аўтар п’есы Алена Грэміна.

110817 GreminaS.mp3

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі напісаць такі сцэнарый? Вас так уразіла тое, што адбывалася ў Беларусі пасля 19 снежня?

Грэміна: Наш тэатр, наш творчы калектыў сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Беларусы – бліжэйшыя суседзі, і вельмі шмат з таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер, як мы лічым, падобна да таго, што адбываецца ў Расіі, якая можа скаціцца ў такі самы бок. Мы не лічым, што гэта гісторыя пра нейкую незразумелую нам краіну. Гэта тычыцца таксама і нас. Праблемы ў нас дастаткова агульныя.

Еўрарадыё: Якія вашы чаканні, як успрыме гэту п’есу расійскі глядач?

 

Грэміна: Гэта п’еса ўвогуле для ўсіх людзей, каму дарагое паняцце свабоды. Бо гэта пра сітуацыю, калі ў вашым доме, у маленькай кватэры цэлыя суткі знаходзяцца двое кадэбэшнікаў, якія сочаць за кожным крокам і абмяжоўваюць вашу свабоду. Сітуацыя, калі вашу свабоду абмяжоўваюць, вы не можаце быць вольнымі, яна дастаткова зразумелая не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, а таксама ў іншых краінах.

Еўрарадыё: На вашу думку, дзе гэтыя межы свабоды? Можа, яны знаходзяцца і ў Расіі толькі на сцэне?

 

Грэміна: Тут вельмі важныя, і гэта таксама будзе ў нашым спектаклі, адносіны чалавека да таго, што з ім спрабуюць зрабіць. У гэтай гісторыі мы, у прыватнасці, закранаем паняцце, якое нам навязвае цывілізацыя, стакгольмскі сіндром: супрацоўніцтва з тымі, хто вас прыгнятае, ні ў якім разе не раздражняй тэрарыстаў, гвалтаўнікоў, толькі, калі ласка, з імі супрацоўнічай – гэта, што нам зараз транслюе цывілізацыя, знішчае само паняцце гераізму. І мы гэтыя паняцці закранаем у спектаклі.

Еўрарадыё: Галоўны герой у вашым спектаклі – Уладзімір Някляеў. У вашым сцэнарыі, ён больш хто: палітык, паэт ці проста чалавек, чыя воля абмежаваная сценамі дома?

 

Грэміна: Мы, у першую чаргу, даследуем нейкую сітуацыю, але асабовасць нашых герояў, зразумела, дыктуе тыя ці іншыя рашэнні. І вядома, тое, што гэты чалавек – таленавіты паэт, са сваім асаблівым светам. Паэт, у прынцыпе, чалавек вельмі вольны, гэта фігура, якая першапачаткова супрацьстаіць бязлітаснай дзяржаве. Вядома, гэта абвастрае, як мне здаецца, нашу калізію.

Еўрарадыё: Ваш спектакль зможа ўбачыць беларускі глядач?

 

Грэміна: Мы заўжды гатовыя прыехаць і сыграць, калі ласка. Прэм’ера ў нас будзе на фестывалі ў Хельсінкі. Першы паказ п’есы ў нас будзе на фестывалі ў Маскве, фестываль драматургіі "Любимовка". Але мы гатовыя прыехаць і ў Беларусь і верым, што аднойчы гэта здарыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі