Расіяне прысвойваюць беларускіх пісьменнікаў?

Адам Глобус, Алесь Пашкевіч, Мікалай Чаргінец разважаюць, ці можна лічыць беларускімі пісьменнікамі тых, хто піша па-руску Маладых беларускіх пісьменнікаў збіраюцца надрукаваць у зборніку "Новыя пісьменнікі Расіі", — абурыўся ў сваім блогу аўтар рамана "Імя Грушы" Сяргей Балахонаў. Такая інфармацыя пайшла ад Дыяны Балыкі, якая сумесна з расійскім фондам Сяргея Філатава займалася арганізацыяй семінараў для фіналістаў літаратурнага конкурсу "Слова.doc".

Сапраўды, фонд Філатава займаецца тым, што падтрымлівае літаратуру, напісаную па-руску, выдае зборнік "Новыя пісьменнікі", але ці сапраўды ён "захрупаў" маладых беларускіх літаратараў, як канстатуе ў сваім дзённіку Балахонаў?

"На мяне ніхто не ціснуў, — кажа фіналістка конкурсу Слова.doc Дар'я Вашкевіч, якая пераклала дзеля ўдзелу ў семінарах свае аповеды на рускую, — Я лічу, што калі ёсць магчымасць прадставіць свае творы для замежнага чытача, трэба ёй скарыстацца. Трэба было перакласці на рускую — я пераклала, з'явіцца магчымасць перакласці на ангельскую — таксама перакладу".

Дыскусія ў блогу закранула яшчэ адно балючае пытанне: ці можна лічыць беларускім пісьменнікам таго, хто жыве ў Беларусі, але піша па-руску? З ім Еўрарадыё звярнулася да літаратараў.

Драматург Дыяна Балыка, якая піша па-руску, натуральна, адказала, што можна.

Дыяна Балыка: "Беларусь заўсёды была шматмоўнай краінай. Мне, наогул, усё роўна, на якой мове размаўляе і піша творца. Я — беларускі літаратар, які піша на рускай мове. На той мове, на якой думаю, якой я лепш валодаю".

А вось пісьменнік Адам Глобус супраць таго, каб браць рускамоўных літаратараў у беларускую літаратуру.

Адам Глобус: "Яны з'яўляюцца часткай рускай літаратуры. Ёсць, напрыклад, руская літаратура ў Беларусі. Гэта з'ява цікавая і яе варта даследаваць, але гэта не беларускія пісьменнікі".

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч гатовы лічыць беларускімі нават тых, хто піша па-польску ці па-украінску.

Алесь Пашкевіч: "Натуральна, з'яўляецца. Таксама як і польскамоўны, як і ўкраінскамоўны пісьменнік, калі ён адчувае сябе патрыётам, грамадзянінам і аднолькава ставіцца і да беларускай мовы, і да мовы, на якой ён піша".

Пытанне аб беларускіх рускамоўных пісьменніках адно з нешматлікіх, якое збліжае кіраўнікоў дзяржаўнага і недзяржаўнага саюза пісьменнікаў. Бо Мікалай Чаргінец таксама за тое, каб уключыць рускамоўных літаратараў у беларускую літаратуру.

Мікалай Чаргінец:
"А ці з'яўляецца чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі і які размаўляе на рускай мове, грамадзянінам Беларусі? Напэўна, адказ настолькі лагічны, што тыя, хто падымаюць дыскусіі, самі не ведаюць, аб чым яны. Не важна, на якой мове піша грамадзянін Беларусі, абы ён служыў Беларусі і літаратуры Беларусі".

Сам Мікалай Чаргінец лічыць сябе беларускім пісьменнікам, які піша на рускай мове.

Паэт Дзмітрый Дзмітрыеў, які некалькі год таму перайшоў з рускай мовы на беларускую, увогуле лічыць не істотным гэтае пытанне.

Дзмітрый Дзмітрыеў: "Калі чалавек піша і думае, маўляў, зараз я ў кантэксце рускамоўнай літаратуры, а зараз у кантэксце беларускамоўнай, тады нічога не атрымліваецца. Гэта хутчэй "тусовае" пытанне і "тусовае" стаўленне да літаратуры. Для мяне беларуская мова — гэта выключна мова творчасці, але казаць, што я беларускі літаратар менавіта таму, што я пішу па-беларуску, — нельга".

На фота помнік Адаму Міцкевічу ў Мінску. Фатограф — Марына Паўлава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі