Расіяне перакідваюць войскі да Херсону — 160-я раніца вайны ў Украіне

Украінскія вайскоўцы адбіваюць атаку расіян пад Харкавам / Reuters
Украінскія вайскоўцы адбіваюць атаку расіян пад Харкавам / Reuters

Ноччу зноў былі абстраляныя некалькі раёнаў Днепрапятроўскай вобласці (Сінельнікаўскі і Крыварожскі), а таксама горад Мікалаеў. Гэта была "ноч з трывогай і абстрэламі", напісаў раніцай у Telegram кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Людзі, папярэдне, не пацярпелі.

У Мікалаеве, дзе ноччу таксама грымелі выбухі, як мінімум адзін чалавек атрымаў раненні. Пра гэта ў сваім Telegram паведаміў мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

У мінулыя суткі расійскія войскі спрабавалі штурмаваць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках (гэта на Данбасе). Але гэтыя атакі былі адбітыя, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. У раёне Бахмута, Зайцава і Пяскоў баявыя дзеянні працягваюцца.

Расіяне, верагодна, на некаторы час прыпыняць кампанію ў Славянску, робяць выснову эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны з аглядкай на перакідку войскаў з паўночнай часткі Данецкай вобласці на поўдзень — да Херсона.

"Вывад часткі расійскіх войскаў з паўночнай часткі Данецкай вобласці пазбавіць Славянск неабходнай баявой моцы. Гэтак жа, як расійскія войскі занядбалі франтамі ў Запарожскай і Херсонскай абласцях падчас наступальных аперацый у Луганскай вобласці", —  адзначаюць у Інстытуце. Там таксама мяркуюць, што вывад расійскіх войскаў можа стварыць магчымасць для ўкраінскіх сіл для контрнаступлення на Ізюмскім кірунку, "сапраўды гэтак жа, як захоп Расіяй Луганскай вобласці дазволіў Украіне стварыць умовы для контрнаступлення ў Херсонскай вобласці".

Россияне перебрасывают войска к Херсону — 160-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў 1 жніўня 2022 года / understandingwar.org

У Інстытуце вывучэння вайны таксама прыйшлі да высновы, што адказнасць за забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у турме ў Аленаўцы 28 ліпеня нясе расійскі бок.

"Спадарожнікавыя і іншыя здымкі з месца паказваюць на тое, што атака пашкодзіла толькі адзін будынак, не разбурыла сцены гэтага будынка і не пакінула ніякіх варонак ад снарадаў у ваколіцах, што вельмі пераканаўча сведчыць аб тым, што разбурэнне турмы было вынікам альбо дакладнага ўдару, альбо закладзенага ўнутры запальнага або выбуховага рэчыва", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Тым часам Упаўнаважаны па правах чалавека Украіны Дзмітрый Лубінец паведаміў, што расіяне пагадзіліся вярнуць целы ваеннапалонных, загінулых у выніку выбуху ў Аленаўке, але толькі "пасля завяршэння расследавання". Яго словы прыводзіць "Громадське".

"На ўдакладненне, колькі трэба часу для расследавання, мы пакуль не атрымалі адказу, але чакаем", — сказаў Лубінец. Ён таксама распавёў, што па стане на 1 жніўня расійскі бок так і не даў  доступ да месца забойства прадстаўнікам Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа.

Россияне перебрасывают войска к Херсону — 160-е утро войны в Украине
Наступствы выбуху ў турме ў Аленаўке / скрыншот відэа

"Верхам безадказнасці" назваў дзеянні Расіі вакол найбуйнейшай ва Украіне АЭС дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Ён абвінаваціў Маскву ў выкарыстанні атамнай электрастанцыі як "ядзернага шчыта" для нападаў на ўкраінцаў. Аб гэтым ён казаў падчас выступу ў ААН на канферэнцыі па пытаннях нераспаўсюджання ядзернай зброі.

Па словах Блінкена, Расія выкарыстоўвае Запарожскую АЭС як "ваенную базу для абстрэлу украінцаў", выдатна разумеючы, што УСУ "не могуць і не будуць страляць у адказ", каб не адбылася аварыя на атамнай электрастанцыі. Пра гэта піша "Укрінформ".

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў мемарандум аб выдзяленні Украіне новага пакета ваеннай дапамогі на суму ў $ 550 млн. Новыя пастаўкі Кіеву будуць уключаць 75 тысяч снарадаў для 155-міліметровых гаўбіц М777, а таксама ракеты для комплексаў HIMARS. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў Джо Байдэну за гэтую дапамогу, "за лідарства і трывалую падтрымку Украіны і разуменне пагрозы для цывілізаванага свету з боку Расіі".

"Разам стаім на абароне каштоўнасцяў свабоды, агульных для Украіны і ЗША. Новы пакет абароннай дапамогі набліжае нас да перамогі",напісаў Зяленскі ў Twitter.

А ў чарговым звароце Зяленскі казаў пра вываз збожжа. Першае судна напеярэдадні пакінула порт Адэсы.

"Пакуль рана рабіць якія-небудзь высновы і прагназаваць далейшыя падзеі. Але зарабіў порт, пачаўся экспартны трафік, і гэта можна назваць першым станоўчым сігналам, што ёсць шанец спыніць распаўсюджванне харчовага крызісу ў свеце", — адзначыў Зяленскі. Паводле яго слоў, яшчэ 16 судоў ўжо чакаюць сваёй чаргі на адпраўленне, і Украіна гатовая ўнесці належны ўклад у стабілізацыю сусветнага харчовага рынку.

Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны з пачатку вайны пачало ўжо 752 вытворчасці па фактах дзяржаўнай здрады і калабарацыйнай дзейнасці. Большасць спраў (619) адкрыта за дзяржаўную здраду, яшчэ 104 — за калабарацыянізм. Акрамя таго, Бюро вядзе 7 крымінальных вытворчасцей за дапамогу дзяржаве-агрэсару. У вышук абвешчаныя 140 чалавек. У Бюро таксама адзначаюць, што найбольшая колькасць вытворчасцяў адкрыта ў Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.

І яшчэ некалькі лічбаў. Паводле звестак ААН, з пачатку вайны ва Украіне загінулі 5327 чалавек. Больш за 7 тысяч пацярпелі.

"Прычынай большай часткі зафіксаваных выпадкаў гібелі або ранення грамадзянскіх асоб было прымяненне зброі выбуховага дзеяння з вялікай зонай паразы, у тым ліку абстрэлы з цяжкай артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяўдары", — гаворыцца ў паведамленні Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі