Расія працягне арандаваць у Беларусі вайсковыя базы пад Вілейкай і Баранавічамі

Расійская РЛС "Волга" у Беларусі
Расійская РЛС "Волга" у Беларусі

Расія працягне арандаваць у Беларусі дзве вайсковыя базы: радыёстанцыю "Вілейка" і вузел "Баранавічы" сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе. Указ пра гэта (№321 ад 20 жніўня 2021 года) падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Міністэрства абароны Беларусі ўпаўнаважанае на правядзенне перамоваў па праектах пратаколаў і падпісанне дакументаў пры дасягненні дамоўленасцяў у межах адобраных праектаў.

6 студзеня 1995 года Беларусь і Расія дамовіліся, што вайсковыя базы пад Вілейкай і Баранавічамі (размешчаная побач з райцэнтрам Ганцавічы) будуць выкарыстоўвацца расійскімі вайскоўцамі. Пра гэта былі падпісаныя міжурадавыя пагадненні тэрмінам на 25 гадоў — з магчымасцю падаўжэння па пісьмовай дамоўленасці бакоў.

Тэрмін дзеяння пагадненняў скончыўся 7 чэрвеня 2021 года. Пытанне пра лёс расійскіх вайсковых баз рэгулярна паднімалася ў прэсе. Лукашэнка выказваў упэўненасць, што яны захаваюцца, нягледзячы на ​​няпростыя, часам, адносіны з Расіяй.

З 2014 года актыўна абмяркоўваецца стварэнне ў Беларусі трэцяй расійскай вайсковай базы. На гэты раз — авіяцыйнай. Аднак пазіцыя вышэйшага беларускага кіраўніцтва пакуль што такая: сучасная авіяцыя расійскай вытворчасці можа базавацца ў беларускіх вайсковых частках. Будаваць новыя вайсковыя базы або перадаваць расіянам тыя, што ўжо дзейнічаюць, для гэтага не абавязкова.

У той жа час, Беларусь і Расія створаць тры цэнтры сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Пра гэта было заяўлена ў пачатку сакавіка 2021 года па выніках сустрэчы міністраў абароны Віктара Хрэніна і Сяргея Шайгу. Яна прайшла ў Маскве. Прэс-служба Мінабароны РФ паведамляе, што "вучэбна-баявыя цэнтры" будуць знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці нашай краіны і ў Ніжагародскай і Калінінградскай абласцях Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі