“Рашэн гейт”. Як беларусы здымаюць палітычную кінапрапаганду для расіян

Акторы на здымачнай пляцоўцы Russian gate 

Акторы на здымачнай пляцоўцы Russian gate  / Euroradio

Кінапрапаганда на замову —  улюбёная галіна працы для дзяржаўнай кінематаграфіі. На ёй цяпер паўнавартасна спецыялізуецца “Беларусьфільм”, як галоўная кінафабрыка краіны, але гнаць ідэалогію па разліку ў нас гатовыя і прыватныя кінематаграфісты.

Так з сярэдзіны мінулага лета ў Беларусі ідуць здымкі расійскага праекту, у якім адлюстраванае крамлёўскае бачанне актуальных геапалітычных працэсаў.

“Еўрарадыё” расказвае, што на дадзены момант вядома пра гэты праект.

 

Шпіёнскі дэтэктыў у Мінску

Тое, што ў сталіцы здымаюць чарговую прапаганду стала зразумела ў канцы жніўня. На гэта звярнуў увагу супрацоўнік тэлеканалу "Белсат" Зміцер Ягораў.

"Бачыў у сторыз беларусаў і беларусак менскую вуліцу з указальнікамі на польскай мове (кшталту як вуліца ў Варшаве) і кадры на якіх людзі з камерай і мікрафонам з лагатыпамі, стылізаванымі пад белсатаўскія", — напісаў у фэйсбуку медыйшчык.

Трохі пазней з’явіліся відэа з масоўкай пратэстуючых, якія бегалі з транспарантамі па дыпламатычным квартале ў раёне вуліцы Захарава.

Аналіз тэлеграм-суполак беларускіх кінематаграфістаў выявіў, што гаворка ідзе пра праект пад працоўнай назвай Russian gate. Яго назва адсылае да публічных скандалаў з палітычнай афарбоўкай, тыпу амерыканскага Уотэргейта.

Яго стваральнікі з 29 ліпеня пачалі актыўна шукаць масоўку для здымак у Мінску. Гледзячы па запытах, гаворка ідзе пра эпізоды з удзелам футбольных фанатаў, супрацоўнкаў СМІ, медыкаў, паліцыянтаў, дыпламатаў МЗС, супрацоўнікаў аэрапорта, адміністрацыі неназванага прэзідэнта і г.д.

Інфармацыя пра праект у абвестках даецца вельмі сцісла, зразумелы толькі жанр — шпіёнскі дэтэктыў. Але мяркуючы па сторыз актораў з розных здымачных пляцовак, там ёсць пераклічкі з рэчаіснасцю. Напрыклад, фігуруюць змененыя назвы тэлеканалаў Velcaт і TWPInfo — аналаг сапраўдных польскіх каналаў "Белсат" і TVPinfo. 

“Рашэн гейт”. Як беларусы здымаюць палітычную кінапрапаганду для расіян
Аб'ява аб пошуку масоўкі на праект / Euroradio

Свабоду Сілезіі

Па словах шэрагу абазнаных крыніц, гэты праект — не кіно, а серыял пра сучасную палітыку і ролю расійскіх дыпламатаў у ёй.  

Адныя суразмоўцы характырызуюць яго як расійскі “Картачны дамок”, паводле знакамітага амерыканскага палітычнага шоў, якое выкрывае непрыемныя бакі амерыканскай палітыкі. Але больш імаверна, што Russian gate з’яўляецца своеасаблівым працягам ці паслядоўнікам тэлеэфірнага серыяла “Пасольства” 2018 года, створанага на замову расійскага тэлеканала НТВ. У ім падзеі адбываюцца ў неназванай краіне Усходняй Еўропы, а галоўнымі героямі з’яўляюцца расійскія дыпламаты, якія намагаюцца разабрацца ў справе арыштаванага першага сакратара расійскай амбасады — палітыка затрымалі мясцовыя спецслужбы з кейсам наркатычных сродкаў. Цягам развіцця гісторыі, становіцца зразумела, што дыпламата падставілі і супраць яго плятуць інтрыгі замежныя правакатары.

Вельмі падобнае апісанне выплывае і з сюжэту Russian gate. Часткі сцэнару, якія трапілі ў распараджэнне рэдакцыі, дазваляюць сказаць, што падзеі серыяла развіваюцца ў недалёкай будучыні ў Польшчы — 2024 годзе, напапярэдадні прэзідэнцкіх выбараў [сапраўдныя выбары ў краіне адбудуцца ў 2025 годзе — Еўрарадыё].

У ім галоўным героем з’яўляецца кіраўнік расійскай амбасады Вячаслаў Васільеў —  часовы павераны пасольства Расіі ў Польшчы, былая жонка якога, Алёна, жыве за мяжой і не хоча вяртацца з дачкой Вікай у Расію. У амбасады вялікія праблемы — трэці сакратар пасольства Паўлаў знойдзены мёртвым, а пасол Расіі Канабееў уцягнуты ў палітычны скандал напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

У ім фігуруе адзін з незалежных кандыдатаў у прэзідэнты – Казімір Дамброўскі, замяшаны ў шэрагу сэксуальных скандалаў. Расійскія дыпламаты і польскі палітык маюць дачыненне нібыта да падтрымкі незалежнасці рэгіёна Сілезіі [прамыслова развітая гістарычная вобласць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, Германіі, Чэхіі. У розныя часы ўваходзіў у склад Чэскага і Прускага каралеўстваў, Аўстра-Венгерскай і Германскай імперый, Другой Рэчы Паспалітай, Трэцяга рэйху і г.д. – Еўрарадыё]. Гэта ўсё, што вядома на дадзены момант

Пачалі серыял здымаць у Маскве, а працягнулі ў Беларусі, якая павінна выступіць у якасці дэкарацыі Польшчы.

Эпізод са сцэнара праекта / Euroradio
Эпізод са сцэнара праекта / Euroradio

Расійскі кастынг

Граюць у серыяле на галоўных ролях пераважна акторы расійскіх тэатраў, вядомыя па працах у многіх тэлесерыялах. Сярод такіх у сторыз трапляліся Сяргей Юшкевіч (Тэатр імя Яўгена Вахтангава) і Дзмітры Мілер (Дзяржаўны маскоўскі музычны тэатр “На Басманнай”).

Беларусы задзейнічаны пераважна ў эпізадычных ролях і масоўцы. Так праз сацсеткі стала зразумела, што ў праекце ёсць акторы мінскага ТЮГа: Васіль Казлоў і Лізавета Шукава. Таксама здымаюцца і расійскія акторы, якія пераехалі ў Мінск, напрыклад Вадзім Ганчароў, які працуе з 2021 года ў Народным тэатры “Эхо”.

Як тлумачыць нам крыніцы, далёка не ўсе акторы ведаюць у якім праекце яны граюць. Удзельнікам даюць толькі частку сцэнара з рэплікамі іхных герояў і не тлумачацьа гульны сюжэт. Праз гэта частка апытаных актораў была здзіўленая і шакаваная фактам, што гэта серыял мае істотную палітычную падаплёку.

Таксама ўсе акторы з беларускага боку праходзяць праз праверку кадэбістаў. Усім палітычна нядобранадзеным адмаўляюць у супрацы.

 

Сілавое лобі

Вытворчасцю праекту займаецца прадусарскі цэнтр Belroskino, які мае ўласную акторскую базу і кінашколу. Мяркуючы па творчым партфоліа, змешчаным на сайце, студыя мае цесныя сувязі з расійскімі тэлеканаламі (НТВ, “Расія-1” і г.д.) і анлайн-кінатэатрамі.

Яна стала прадукуе кантэнт на замову, так званае “тэлемыла”: побатывая меладрамы, танныя баевікі, праекты пра вайну. Назву большасці з іх ведаюць толькі сталыя гледачы расійскіх каналаў: “Дзед Марозаў”, “Агееў”, “Тапор. 1943”, “Узровень пагрозы” і г.д.

Кіруе прадпрыемствам прадусар Яўген Арандарэвіч са сваёй жонкай Вольгай. Кінематаграфіст раней працаваў на студыі “Беларусьфільм”, а з пачатку 2010-х займаецца ўласным бізнэсам. На яго зарэгістравана некалькі юрыдычных асоб: "Медиапроф АРТ",  "Хаус Фуд",  "17МедиаГрупп".

Нашы крыніцы кажуць, што сярод  сузнавальнікаў бізнэсаў Арандарэвіча ёсць былыя сілавікі з блізкага атачэння сына Аляксандра Лукашэнкі, Віктара, якія яму дапамагаюць вырашаць розныя пытанні. Атрымаць прамога падцверджання гэтай інфармацыі не атрымалася, але ў сваім акаўнце ў інстаграме Арандарэвіч публікуе здымкі са сходак байкераў і мотапрабегаў, у тым ліку H.O.G. Rally Minsk, які ў гэтым годзе ўзначальваў Віктар, што ўскосна пацвярджае гэтую гіпотэзу.
 

“Рашэн гейт”. Як беларусы здымаюць палітычную кінапрапаганду для расіян
Cторысы актораў са здымачных пляцовак / Euroradio

Яшчэ порцыя кінапрапаганды

Russian gate – не адзіны прапагандысцкі праект, які паўстаў у Беларусі апошнім часам. Шмат іх стварае “Беларусьфільм” на сваёй студыі ігравых і дакументальных фільмаў.

Сярод такіх ангажаваных праектаў можна назваць новую гістарычную драму “На другім беразе” – фільм пра партызанскую вайну ў Заходняй Беларусі ў 1925 годзе, якая ў той час знаходзілася ў складзе Польшчы. Праект здымаўся пры дапамозе расійскіх кінематаграфістаў: рэжысёра Андрэя Хрулёва і сцэнарыста Івана Крываручкі.

Прэм’еру ўлады прымеркавалі да дзяржаўнага свята Дзень народнага адзінства, які праходзіць 17 верасня. Само свята пачалі праводзіць з 2021 года, на хвалі пагаршэння дыпламатычных адносінаў рэжыму Лукашэнкі і польскіх уладаў.

Другім гучным праектам, які паказалі мінулым летам, стаў “Ліст чакання” ад праўладнага кінематаграфіста і кіраўніка “Тэатра-студыі кінаактора” Аляксандра Яфрэмава. Фільм прысвечаны гісторыі хірурга-кардыёлага, якому сям’я, калегі і ўласнае сумленне не дазваляюць эміграваць у Германію з Беларусі. З’явіўся ён у час вялікай працоўнай эміграцыі медыкаў з краіны.

Хапае наскрозь ідэалагічных дакументальных праектаў: «Беларусь. Адзінства» Уладзіміра Мароза, «Мінская элегія» Аляксандра Анісімава, «Перазвон» і «Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу» Яўгена Сяцько і г.д.

Апафеозам можа стаць фільм пра падзеі 2020 года, паказаны з праўладнай пазіцыі. Пра яго стварэнне заявіў новы гендырэктар нацкінастудыі Юрый Аляксей падчас удзелу ў прапагандысцкім ток-шоў "По существу" на дзяржтэлеканале СТВ.

Пры гэтым праект, па словах чыноўніка, цалкам не гатовы. Няма здымачнай каманды, ідэі і сцэнара. Ёсць толькі  жаданне зняць такі фільм і выпусціць яго у 2024 годзе.

Усё па канонах планавай эканомікі.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі