Рар: “Цяжкасці Беларусі будуць мець негатыўныя наступствы для ўсёй Еўропы”

Еўрарадыё: Здаецца, лета, вакацыі, а столькі заяў заходніх палітыкаў рознага ўзроўню па Беларусі. На вашу думку, адкуль такая ўвага да Беларусі?

110804 Rar site.mp3

Рар: Мне здаецца, што беларусам не да смеху, і не да адпачынку. У Беларусі вялікі фінансавы крызіс. Можна сітуацыю ў Беларусі дзесьці параўноўваць з той сітуацыяй, у якой знаходзяцца такія краіны, як Партугалія, Іспанія або Італія ў ЕС. Не выключаны нейкі дэфолт або проста калапс беларускай эканомікі, калі нічога не будзе зроблена для таго, каб неяк прыпыніць фінансавы і эканамічны крызіс. Паколькі Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, ЕС, відавочна, мусіць рабіць нейкія заявы, сачыць за сітуацыяй. Цяжкасці Беларусі, зразумела, будуць мець негатыўныя наступствы ў развіцці ўсяго кантынента. Таму і такая ўвага да гэтай краіны.

Еўрарадыё: Вы звярнулі ўвагу менавіта на эканамічны аспект, але ў той жа час вельмі шмат заяў тычацца палітыкі і палітвязняў. Можа вы валодаеце інфармацыяй, ці ёсць нейкія кантакты паміж ЕС і афіцыйным Мінскам, можа вядуцца нейкія перамовы, пра якія беларускае грамадства не ведае?

Рар: У Германіі, натуральна, займаюцца Беларуссю. Ведаюць пра палітвязняў і недзе абураюцца тым, што колькасць палітвязняў сапраўды вялікая. Відавочна, што кіраўніцтву Беларусі ў гэтым фінансавым і эканамічным крызісе трэба шчыльна працаваць з Захадам, супрацоўнічаць з ЕС. Але ЕС не хоча працаваць з Беларуссю да таго часу, пакуль ёсць палітвязні, прычым, людзі, якія былі асуджаныя проста за тое, што выйшлі на дэманстрацыю супраць Лукашэнка і яго палітыкі. Мне здаецца, беларускае кіраўніцтва зараз будзе выпускаць палітвязняў, паказваць, даказваць добрую волю. Лукашэнка гэта добра ўмее.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна, што зараз могуць праходзіць таемныя, закулісныя перамовы паміж афіцыйным Мінскам і Бруселем?

Рар: Думаю, што перамовы паміж Беларуссю і асобнымі краінамі ЕС, можа быць, прадстаўнікамі Бруселя, заўсёды вяліся і заўжды вядуцца. Беларусь не знаходзіцца недзе на перыферыі ЕС і Еўрапейскага кантыненту, таму увага да Беларусі ёсць. Вядома, у ЕС вельмі шмат крытыкі ў бок Лукашэнкі, але ў той жа час, для многіх еўрапейскіх палітыкаў нашмат жахлівей рух Беларусі ў бок Расіі. Калі б Беларусь у адзін дзень аб’явіла, што яна хоча зноў аб’яднацца з Масквой і сысці ўвогуле ад Еўрапейскага Саюза, то такое развіццё, з майго пункту гледжання, ЕС вельмі б занепакоіла. Гэтага баяцца і, каб гэта не адбылося, ЕС гатовы ўсё зрабіць, каб дапамагчы Лукашэнку ці беларускаму кіраўніцтву, каб усё ж нейкім чынам выйсці з гэтага крызісу з дапамогай ЕС.

Еўрарадыё: Калі будуць адпушчаныя палітвязні, наколькі рэальна, што Еўропа ў чарговы раз паверыць Лукашэнку і пачне наладжваць з ім блізкія, сяброўскія адносіны?

Рар: Я вельмі шмат над гэтым пытаннем думаў. Зразумейце мяне правільна, Лукашэнка дзесьці хітрэйшы за ЕС, абсалютна канкрэтна ведае, што хочуць, чаго баяцца ў ЕС: вельмі вялікага руху з Масквой. Гэтага Брусель не хоча дапусціць. І калі будзе крытычны момант, то яму, Лукашэнку, змогуць усё дараваць. Ён вельмі ўмела гуляе з Еўрапейскім Саюзам. Зараз можа выпусціць палітвязняў і тым самым стварыць больш пазітыўны фон перамоваў паміж Бруселем і Мінскам, які сапраўды хутка прывядзе да пацяплення. Я думаю, што Лукашэнка гэта ведае, гэта яго палітычныя манеўры, якія ён добра вывучыў, якімі ён больш майстэрскі валодае, чым бюракраты з Бруселя.

Еўрарадыё: Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі днямі заклікаў Лукашэнку добраахвотна адмовіцца ад улады. На вашу думку, у Еўропе вераць у тое, што гэта магчыма?

Рар: Не, натуральна. Думаю, нягледзячы на маніпуляцыі, якія маюць месца ў гэтай краіне, усё роўна, я думаю, можа не 80%, але палова беларусаў стаіць пакуль за палітыкай, якую праводзіць беларускі аўтарытарны лідар. Таму ён не сыдзе, бо разумее, што гэта пагражае яму той жа самай сітуацыяй, у якой сёння знаходзіцца Мубарак у Егіпце. Лукашэнку прымусіць сысці ніхто не зможа. Трэба будзе весці з ім перамовы. Можа, трэба спадзявацца на тое, што адужае апазіцыя ў самой краіне, што з’явяцца альтэрнатыўныя лідары, якія ў палітычнай барацьбе пасля самі прыйдуць да ўлады... Такое здаралася і ў суседніх дзяржаваў — ва Украіне і ў Расіі цягам апошніх 20 гадоў. Хутчэй, на гэта трэба спадзявацца, чым на заклікі асобных лідараў: “Лукашэнка, сыходзь”. Каму ён аддасць уладу? Думаю, Сікорскі сам мусіць падумаць, што ён там просіць. На змену Лукашэнку не прыйдзе нейкі празаходні ліберальны палітык, а хутчэй, чалавек з самой сістэмы. Беларусь — дастаткова складаная краіна. Думаю, там трэба верыць у эвалюцыйны, а не ў рэвалюцыйны працэс.

Еўрарадыё: Ваш прагноз, чаго чакаць у адносінах паміж Беларуссю і ЕС?

 

Рар: Думаю, калі Лукашэнка зараз зноў будзе адпускаць на волю палітвязняў, то ЕС зноў палічыць магчымым, і нават патрэбным весці з ім перамовы. Той жа Сікорскі паедзе ў Мінск і будзе зноў размаўляць з Лукашэнкам. Але ў той жа момант, уся сітуацыя ў Беларусі яшчэ залежыць ад іншага акцёра, якога мы з вамі ў нашым інтэрв’ю неяк мала ўзгадалі — гэта Расія, якая мае эканамічныя рычагі, якая чакае ад Лукашэнкі, што той працягне руку менавіта расійскім бізнэс-структурам, якія з лёгкасцю проста прыйдуць са сваімі грашыма, скупяць частку беларускай эканомікі і будуць падтрымліваць гэтую краіну. Відавочна, што ў такім выпадку, Лукашэнка таксама губляе палітычны ўплыў, палітычны суверэнітэт сваёй краіны, таму ён на гэта не ідзе. На колькі ў яго хопіць і сіл, і мудрасці і хітрасці разыгрываць ЕС супраць Расіі і наадварот — гэта самае цікавае пытанне будучага. Думаю, за апошнія 15 гадоў ён гэта рабіў па-майстэрску, але дзесьці яго рэсурсы і магчымасці, зразумела, вычарпаныя. І ён будзе вымушаны рабіць выбар — ці ў адзін, ці ў нішы бок.

Еўрарадыё: Восень пакажа?

Рар: Хутчэй, зіма. Зіма можа быць сапраўды суровай у Беларусі. Трэба паглядзець, якія дамоўленасці наконт газу і нафты будуць падпісаныя з Расіяй. Але восень Беларусь яшчэ зможа перажыць з усімі цяжкасцямі, якія ёсць. Вялікай катастрофы я пакуль не бачу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі