Раманчук заявіў на канферэнцыі ў Варшаве, што "мае сумленне"

Рэзкую крытыку выслухаў на свой адрас на канферэнцыі "Як дэмакратызаваць Беларусь?", якая праходзіць у Варшаве, эканаміст Яраслаў Раманчук. Нагадаем, мерапрыемства арганізавалі Польскі інстытут міжнародных справаў і амбасада Брытаніі ў Польшчы.


Артур Папок, былы актывіст штабу кандытата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева і кіроўца мікрааўтобуса, атакаванага 19-га снежня ў Мінску невядомымі, спрабаваў сарваць выступ Раманчука. Яшчэ да пачатку канферэнцыі ён раздаваў прысутным англамоўныя ўлёткі з рэзкай ацэнкай дзеянняў Яраслава Раманчука пасля выбараў. Як вядома, раніцай 20-га снежня Раманчук зачытаў заяву з крытыкай іншых апазіцыйных кандыдатаў, а таксама журналісткі Ірыны Халіп, якія на той час ужо былі затрыманыя. Падчас выступу Раманчука Папок падыйшоў да яго і выказаў па-англійску на яго адрас словы ганьбы.


Зміцер Бародка, былы сябра штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, пацікавіўся ў Раманчука, "ці ёсць у яго сумленне?". Яраслаў Раманчук сказаў, што "сумленне мае", што "нікога не падманваў". "А калі трэба выбраць паміж жыццём людзей і палітычнай кар'ерай, то я выбраў першае", — сказаў Раманчук.


Усё гэта адбылося падчас абмеркавання палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Прысутныя, у тым ліку і замежнікі, даволі спакойна адрэагавалі на тое, што адбылося.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі