Рабочых завода, які ліквідуецца, прымушаюць звальняцца па ўласным жаданні

У пасёлку Круглае ліквідуюць ільнозавод, а працаўнікоў вымушаюць звальняцца па ўласнай ініцыятыве, чым парушаюць працоўнае заканадаўства. Рабочым пасля звальнення такім чынам не выплацяць трохмесячную выхадную дапамогу, якая звязаная са скарачэннем працоўнага штату. Людзям, якія адмаўляюцца сыходзіць па ўласнай ініцыятыве, пагражаюць звальненнем па артыкуле.

Рабочыя стварылі суполку незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці. Узначаліла яе мясцовая грамадская актывістка Зінаіда Мялешчанка:

“Спыняе працу Круглянскі льнозавод. Застаецца толькі ўчастак па апрацоўцы льну. Працай будзе забяспечаная толькі брыгада трактарыстаў. Жаночыя брыгады часова пераводзяцца на Шклоўскі льнокамбінат. Калі жанчыны захацелі адстаяць свае працоўныя месцы, то яны сабраліся і прышлі да мяне са сваёй праблемай. Я ім прапанавала ўвайсці ў склад незалежнага прафсаюза”.

І дадае жартам, што пасля таго, як жанчыны з ільнокамбіната ўступілі ў незалежны прафсаюз, колькасны склад яго ўдзельнікаў у гарадскім пасёлку выраслв у чатыры разы — з двух да васьмі чалавек.

Але не да жартаў, калі ўсвядоміць, што на агульным сходзе прадпрыемства людзі даведаліся не толькі пра сваё звальненне, але і пра тое, што кампенсацыю за звальненне працадаўца выплачваць не плануе, працягвае Зінаіда Мялешчанка:

“Збіралі іх, абражалі, прыніжалі, дырэктара льнозавода такім чынам выгналі з працы і рабочым сказалі, каб звальняліся, інакш усіх звольняць па артыкуле. Жанчыны ўзялі адпачынак. Ён заканчваецца ў канцы чэрвеня. Я ім прапанавала выходзіць на працоўныя месцы і чакаць, калі дадуць працу. Што з гэтага атрымаецца, я не ведаю”.

З-за пераводу работніц на Шклоўскі льнокамбінат, рабочыя напісалі зварот у пракуратуру, у якім просяць праверыць законнасць такога кроку.

Зінаіда Мялешчанка адзначае, што пасёлак гарадскога тыпу Круглае становіцца дэпрэсіўным раёнам Магілёўшчыны, бо вытворчасці ў пасёлку амаль не засталося. За апошнія гады скарачэнне рабочых закранула маслазавод, хлебазавод, быў закрыты дом-інтэрнат, у якім працавала 90 чалавек, на тры чвэрці скараціўся персанал мясцовай бальніцы, а на прадпрыемстве “Сельгстэхніка” з 400 чалавек засталося пры працы ўсяго 48. Прадпрыемства “Сельгасхімія” таксама было закрытае.

Фота: udarnyfront.by

Рыбрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі