Пётр Тадароўскі здымае фільм сваёй мары пад Мінскам

Ваенная драма “На памяць аб перажытых страхах” заснаваная на рэальных падзеях. Пётр Яфімавіч не раз узгадваў пра гэтую задуму ў розных сваіх інтэрв’ю, але дадаваў, што не ўпэўнены, ці прапусцяць цяпер такі сцэнарый. Рэжысёр прызнаецца, што фільм вельмі жорсткі, але гэты сюжэт не “адпускае” яго. Здымкі пачаліся 20 красавіка, а скончацца ў сярэдзіне ліпеня. Яны адбываюцца пад Мінскам і ў Мінску. Еўрарадыё датэлефанавалася да Уладзіміра Панасіўнага, другога рэжысёра фільма.
Уладзімір Панасіўны
: “Гэты фільм акурат патрэбны для цяперашняга часу. Ён вельмі трагічны, ён вельмі жорсткі, але ён вельмі добры па сваёй сутнасці. Апошнія дні вайны, перамога блізка. А людзі гінуць. Гэта трагічна. Тадароўскі думае пра тое, каб змяніць назву. Але гэтая назва яму дарагая. Чаму – ён раскрывае ў эпіграфе да літаратурнага сцэнарыя”.

Гісторыя назвы, натуральна, звязаная з ваеннымі часамі. Тадароўскі распавядае, што памочнікам камандзіра іх батальёна быў Пічугаў, - цудоўны і на дзіва шчаслівы чалавек. Ён вазіў паўсюль з сабой скрыпку і граў Сен-Санса салдатам, якія ўваходзілі ў другі эшалон.

Аднойчы куля трапіла яму ў аблавушку, вывернула ўсю вату і завязла. Ён так у гэтай шапцы і хадзіў, пакуль не патрапіўся на вочы камандзіру палка. Другі раз куля патрапіла яму ў спражку рамня, зрабіла ўмяціну і паляцела забіваць кагосьці іншага. А аднойчы падчас баёў на Вісле ён бег у атаку ў расхінутым шынэлі.

Аўтаматныя чэргі прабілі абодва крысы, а яму хоць бы што! Калі яны расставаліся пад Кастрамой, то абмяняліся фотаздымкамі. Пічугаў напісаў “Тадароўскаму Пецю на памяць аб перажытых страхах”.

Пра сюжэт фільма Еўрарадыё запыталася ў Данііла Берзнера, начальніка здымачнай пляцоўкі.

Данііл Берзнер
: “Сям’я прыйшла з акупаванай тэрыторыі на вайну. Бацька і тры сыны. У іх ва ўсіх розны лёс. Усе, акрамя аднаго, гінуць. Лёс чалавека ў вайне. Тут амаль няма баявых дзеянняў. Будзе страляніна, бо фільм пра вайну, але яе будзе няшмат. Не будзе баталій.

Тут больш чалавечага жыцця ў ваенных умовах, чым саміх гэтых умоў. Прычым жыцця не проста чалавека, а сям’і. Яны правялі ў акупацыі, у той жа Беларусі, да 44-га году, а пасля іх прызвалі на фронт. Вось яны прыйшлі і... іх жыццё ў вайне”.

Галоўная тэма, актуальная ва ўсе часы, – тэма здрадніцтва і наступстваў здрадніцтва, кажа рэжысёр. Героям фільма па 19-20 гадоў. Час дзеяння – канец вайны, месца – 60 кіламетраў ад Берліна. А ў цэнтры ўсіх падзеяў – вертухай. Чалавек, выхаваны савецкай уладай, ідэалогія ў ім сядзіць з дзяцінства.

На фронце да Тадароўскага прыйшла сям’я: бацька і тры сыны – добрыя, наіўныя, працавітыя, з глухой вёскі. І яны загінулі не з-за вайны, а з-за такога вось вылюдка.

Уладзімір Панасіўны
: “Ён, можа, не здраднік. Ён выхаваны ў лагерах, ён быў там надзіральнікам. Гэта сатанінскі такі вобраз чалавека, які ўсіх губіць. Гэта не здрадніцтва, гэта гніда, сатана”.

Здымкі плануюць завяршыць у сярэдзіне ліпеня. Чуткі пра тое, што “На памяць аб перажытых страхах” – апошні фільм Пятра Тадароўскага, усе абвяргаюць. Кажуць, у рэжысёра ёсць задума наступнай карціны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі