"Пуцін не можа моцна ўплываць на Беларусь": эксперт пра перамовы з Лукашэнкам

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін​ / kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін​ / kremlin.ru

"Усе праекты, якія былі ў Пуціна і Крамля, звязаныя з транзітам улады ў Беларусі, праваліліся. Ні адзін з іх не апраўдаўся, хоць іх было ўжо некалькі", — лічыць арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра, праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін.

Ці гатовы Лукашэнка да перамоў? Чаму патрэбны жорсткія санкцыі? І да якіх наступстваў можа прывесці ўсёдазволенасць сілавікоў? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў у эфіры Еўрарадыё Мікалай Халезін.

“Путин не может сильно влиять на Беларусь”: эксперт о переговорах с Лукашенко
Мікалай Халезін / фэйсбук

Усёмагутнасць Пуціна міфічная
 

Я не веру ў магутнасць Пуціна, не веру ў тое, што ён цяпер мае вялікі ўплыў на беларускую сітуацыю. Усе праекты, якія былі ў Пуціна і Крамля, звязаныя з транзітам улады ў Беларусі, праваліліся. Ні адзін з іх не апраўдаўся, хоць іх было ўжо некалькі.

Таму пра яго ўсёмагутнасць гаварыць складана. Ён не змог таксама паўплываць, напрыклад, на працэсы, якія прайшлі ў Малдове або паміж Арменіяй і Азербайджанам.

Ён, вядома ж, уплывае на працэсы. Напрыклад, тое паданне сацыялістычных рэжымаў, якое адбылося ў канцы 80-х, магло б адбыцца і ў выпадку падання Башара Асада ў Сірыі. Следам за ім бы пасыпаліся, як даміно, іншыя дыктатары, магло дайсці і да Беларусі. Але тады ўмяшалася Расія, і ў гэтай сітуацыі яна ўтрымала Асада ва ўладзе і ўтрымала, уласна кажучы, дыктатараў у краінах Азіі і Еўропы.

Лукашэнка не гатовы да перамоў
 

Але сёння Пуцін не можа моцна ўплываць на Лукашэнку, таму што той пакуль што ламае ўсе яго планы. Перамовы з ім, я баюся, што ні да чога не прывядуць. Яны могуць быць бессэнсоўныя. На самай справе для перамоў патрэбны другі бок, не проста ж еўрапейскім і амерыканскім палітыкам паўдзельнічаць у гэтым і самім з сабой пасядзець за сталом. Гэта абсурдная сітуацыя.

Таму гаворка ідзе пра жорсткія санкцыі, калі ўлада вымушана будзе пачаць гаварыць, як пачаў гаварыць Мадура. Таму што сітуацыя ўжо зашкальвае ў Венесуэле — 5 мільёнаў уцекачоў. Сярод іх — уцекачы, якія вельмі ўплывовыя. Мадура вымушаны пайсці на перамовы. І такое ж можа адбыцца ў Беларусі.

Хоць Лукашэнка цяпер пра гэта толькі падумвае, але не гатовы яшчэ. Прапановы для яго, наколькі мы валодаем сітуацыяй, ёсць самыя розныя. Гэта можа стаць перамоўным працэсам аб мірным транзіце, які ніхто не адмаўляе ні ў ЗША, ні ў Еўропе. Усе гатовыя ў гэтым удзельнічаць.

Больш за тое, ёсць алгарытмы, пры якіх ён бы цалкам мог атрымаць не бясконцую ўладу, якой жадае, але для яго бяспекі маглі б быць нейкія перадумовы. Пакуль гэта не ідзе.

І парадокс у тым, што можа наступіць момант, калі будзе позна. Чаўшэску не быў гатовы да таго, што яго расстраляюць, але яго расстралялі. Пры гэтым у Венгрыі скарысталіся момантам і ўлада была перададзена вельмі мякка, спакойна.

“Путин не может сильно влиять на Беларусь”: эксперт о переговорах с Лукашенко
Лукашэнка і АМАП / Reuters

Сітуацыя, небяспечная для ўлады
 

Сілавікі цяпер падпарадкаваныя, сілавікам дазволена рабіць усё што хочаце. У сваякоў маёй прыяцелькі быў ператрус дома, і гэта было цікава з пункту гледжання вывучэння цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Сілавікі адабралі ўсю тэхніку, усю гатоўку, якая там была.

А некалькі гэтых супрацоўнікаў, як бы праваахоўных органаў, лазілі па кішэнях і выцягвалі адтуль дробязь. То-бок гэта людзі, якія разумеюць, што ім недаплацілі. Цяпер гэта марадзёрства, і яны проста забіраюць, крадуць грошы, як гэта адбывалася ў часы халакосту, калі нацысты забіралі грошы ў габрэяў.

Трэба разумець, што сітуацыя як бы небяспечная для ўлады. Лукашэнка хоча памяняць сістэму. Але калі сістэма зменіцца, у цябе з'явяцца новыя гульцы. Гэтыя новыя гульцы нязменна ўвойдуць у канфлікт інтарэсаў.

Гэта значыць, інтарэсы Лукашэнкі, які сядзіць зверху ў нейкім надсавеце, увойдуць адразу ж у канфлікт не толькі з тым, хто зойме нейкае абстрактнае прэзідэнцкае крэсла, хай і з прадстаўніцкімі функцыямі, але і ў канфлікт з сілавікамі. Таму што ў сілавікоў з'явяцца новыя магчымасці, новыя нейкія каардынатары.

Усякі транзіт, які задумваецца, няхай ён будзе з боку знешніх гульцоў або ўнутраных, як Лукашэнка, усё роўна прыводзіць да дэфармацыі сістэмы. А дэфармацыя сістэмы прыводзіць да яе разбурэння.

Паколькі наша сістэма будавалася на персаналізацыі і на персоне аднаго чалавека, то дастаткова гэтаму чалавеку трошкі праявіць слабасць — ён абрынецца і сітуацыя зменіцца на процілеглую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі