Вы тут

Трэнажорка замест турмы. Як брытанцы не даюць падлеткам стаць злачынцамі

Фота: Reuters / Васіль Валненка

Крымінальная адказнасць у Беларусі наступае з 16 гадоў. Але, напрыклад, за забойства (арт. 139 КК), згвалтаванне (арт. 166), крадзеж (арт. 205) і іншыя злачынствы (арт. 27) падлетак можа трапіць за краты ўжо ў 14.

Брытанскі адвакат, эксперт у крымінальным судаводстве і старэйшы партнёр кампаніі Lionel Blackman Solicitors Лаянэл Блэкман ў размове з Еўрарадыё распавёў на прыкладзе сваёй краіны, як знізіць узровень рэцыдываў у падлеткавай злачыннасці, што такое альтэрнатыўныя пакарання, як брытанскія эксперты хацелі дапамагчы беларускім спецыялістам і чаму нічога не атрымалася.

Еўрарадыё: Раскажыце пра ваш праект у Беларусі.

Лаянэл Блэкман: Ідэя нашага праекта ў Беларусі ў тым, каб падзяліцца брытанскім вопытам, як замяніць турэмнае пакаранне для падлеткаў, якія ўчынілі злачынства, грамадскімі і папраўчымі работамі.

Другі важны момант гэтага праекта быў у тым, каб распавесці пра выпадкі, калі ў Англіі падлеткі пры здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў наогул не даходзілі да суда, калі супраць іх не заводзілі крымінальныя справы. І пры гэтым на іх не вешаўся ярлык "злачынец".

То бок першая частка — гэта пакаранне без турэмнага зняволення, а другая — як адвесці ад крымінальнага пакарання наогул.

Робіцца гэта таму, што, як паказваюць даследаванні, час, праведзены ў турме, павялічвае схільнасць да паўторнага здзяйснення злачынстваў. Абедзве гэтыя меры працы з малалетнімі правапарушальнікамі скарачаюць верагоднасць таго, што яны ў будучыні зноў зробяць злачынства.

Фота: Reuters / Carlos Jasso

Пры гэтым прымаюцца да ўвагі псіхалагічныя асаблівасці падлеткаў у 14-18 гадоў. Яны з найбольшай верагоднасцю зменяць свае паводзіны, чым у больш познім узросце. Пры гэтым і для грамадства, і для правапарушальніка аказваецца больш выгадным, што ён будзе рэабілітавацца, а не будзе сядзець у турме. У абодвух гэтых метадах ёсць такі падыход, калі ты сплачваеш "аднаўленчую дапамогу" — кампенсацыю, каб загладзіць сваю віну.

Важна адзначыць, што самі ахвяры, пацярпелыя, больш задаволены такімі дзеяннямі, то бок кампенсацыямі, чым калі падлеткаў адпраўляюць за краты. Мы гэтую інфармацыю, наш вопыт, распавядалі беларускім суддзям, пракурорам і следчым. У канцы нашых семінараў мы праводзілі апытанні. Па іх выніках мы бачылі, што людзі былі больш схільныя задзейнічаць рэабілітацыю, як альтэрнатыву турэмнаму зняволенню.

Але ў нашым апытанні быў адзін недахоп. Суддзі, адказваючы на ​​пытанні, ведалі той факт, што ў іх няма юрыдычных паўнамоцтваў, каб прымяняць альтэрнатыўныя віды пакаранняў. Наш вопыт, якім мы потым падзяліліся, не наблізіў верагоднасць выкарыстання альтэрнатыўных пакаранняў, таму што для гэтага няма юрыдычнай базы.

Еўрарадыё: У беларускім крымінальным кодэксе няма папраўчых работ як варыянту пакарання?

Лаянэл Блэкман: Пытанне ў тым, ці ёсць магчымасць прымяняць рэабілітацыю і кампенсацыйныя пакаранні па беларускім заканадаўстве. Напэўна, лепш зможа адказаць беларускі юрыст. Але пытанне яшчэ і ў тым, што, нават калі гэтая магчымасць ёсць, ці ёсць для гэтага неабходныя механізмы, каб гэта прымяняць на практыцы. Мне, напрыклад, складана інтэрпрэтаваць беларускае крымінальнае заканадаўства. Можа быць, ёсць магчымасць для альтэрнатыўных пакаранняў у крымінальным кодэксе.

Падчас работы над праектам у Беларусі ў мяне склалася такое ўражанне, што ў вас у краіне недастаткова развітыя арганізацыі, якія маглі б ажыццяўляць нагляд за такімі формамі пакарання. Гэта значыць, на практыцы ў суддзяў проста можа не быць выбару.

Еўрарадыё: Якога кшталту папраўчыя работы падлеткі выконваюць у Вялікабрытаніі?

Лаянэл Блэкман: Калі мы кажам пра ювенальных правапарушальнікаў, то, калі яны парушаюць закон у першы раз, іх змяшчаюць пад апеку сацыяльнага работніка. Гэты чалавек вырашае, што далей з імі рабіць, якая форма рэабілітацыі падыходзіць канкрэтна гэтаму падлетку. Гэта можа быць нейкая неаплатная праца, напісанне лістоў з выбачэннямі пацярпелым. Можа быць, нават паход у трэнажорную залу або да псіхолага, каб справіцца са сваім гневам, сустрэча з нарколагам.

У сацыяльнага работніка ёсць досыць вялікая свабода дзеянняў, ён можа падладзіць пакаранне пад канкрэтнага чалавека. Пасля гэтага суд можа прызначыць выкананне якіх-небудзь папраўчых работ. Ці, напрыклад, можа прызначыць праходжанне праграмы рэабілітацыі ад наркотыкаў. Нічога рызыкоўнага — напрыклад, капацца ў садзе або выконваць працу маляра — не будзе.

Фота: Reuters / Lucy Nicholson

Еўрарадыё: У сацыяльнага работніка сапраўды вялікая свабода дзеянняў, гэта значыць, ён можа прымусіць працаваць або адправіць у транажорку. Гэта не служыць падставай для карупцыі?

Лаянэл Блэкман: За такім работнікам таксама ажыццяўляецца нагляд, ён павінен складаць план і прадастаўляць яго свайму мэнэджару. Я не чуў скаргаў, каб меры пакарання былі абраныя няправільна.

Еўрарадыё: Ці можна ацаніць эканамічны эфект ад гэтых мер для дзяржавы?

Лаянэл Блэкман: Такія сведчанні ёсць. Праводзілася даследаванне — эканамічны эфект ад таго, што падлеткі не ідуць у турму, вельмі высокі. У мяне няма канкрэтных дадзеных, але магу сказаць, што тыднёвае ўтрыманне падлетка ў брытанскай турме будзе каштаваць каля 2000 фунтаў стэрлінгаў [па курсе на 16 кастрычніка — 5568 рублёў. — Еўрарадыё]. Пад наглядам сацработніка гэта будзе каштаваць прыкладна 100 фунтаў [278 рублёў] на тыдзень. Нагляд азначае яшчэ і тое, што падлетак з меншай верагоднасцю здзейсніць паўторнае злачынства. Гэта яшчэ раз зэканоміць грошы.

У Англіі ёсць каля 20-30 паліцэйскіх груп, якія ў розных месцах сочаць за парадкам. І ў іх ёсць некаторая ступень свабоды дзеянняў у дачыненні да малалетніх злачынцаў. Некаторыя аддаюць перавагу часцей выбіраць рэабілітацыю, адвод ад крымінальнага пакарання. Я асабіста чытаў справаздачы некаторых з гэтых груп, яны дэманстравалі значнае скарачэнне выдаткаў за кошт выбару рэабілітацыі.

Еўрарадыё: Калі з'явілася гэтая сістэма? Колькі часу спатрэбілася, каб яна ўмацавалася?

Лаянэл Блэкман: Гэта развівалася паступова, за вельмі доўгі перыяд часу. Для дарослых такія формы пакарання з'явіліся ў 1930-х. Прыкладна з пасляваенных гадоў турэмнае зняволенне для падлеткаў пачалі паступова замяняць папраўчымі работамі.

Вялікі крок наперад быў зроблены ў канцы 90-х, калі быў створаны савет па ювенальнай юстыцыі. Ён быў створаны, каб стварыць агульныя метады работы па ўсёй краіне, каб стварыць для моладзі інфраструктуру, якая дазваляла б ажыццяўляць нагляд за ёй. Але такая мера як адвод ад крымінальных пакаранняў стала папулярнай у паліцэйскіх колах апошніх дзесяць гадоў. Рухаючай сілай была вера ў тое, што гэта сумленны спосаб пакарання ў дачыненні да дзяцей, а таксама ціск з боку міжнародных абавязацельстваў у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам. Я маю на ўвазе Канвенцыю па правах дзіцяці 1989 года. У ёй гаворыцца, што змяшчэнне дзіцяці ў турму павінна быць меншай мерай. Такім чынам, мы выконваем міжнародныя абавязацельствы, эканомім грошы і скарачаем паўторныя здзяйсненні злачынстваў.