Псіхолаг: Трэба канкрэтызаваць свае жаданні

120116 Huda_site.mp3

Эксперты з Універсітэта Кардыфа распрацавалі формулу шчасця і вызначылі з яе дапамогай, што менавіта 16 студзеня паслясвяточнае засмучэнне дасягнула піку. Вучоныя назвалі гэты дзень Blue Monday – у які людзі задумваюцца пра тое, што бліжэйшым часам іх чакае мала прыемнага. Сярод галоўных прычынаў дрэннага настрою эксперты прыводзяць халоднае надвор’е, накопленыя пазыкі і неаплачаныя рахункі, а таксама факт таго, што да заробку за студзень застаецца яшчэ шмат часу.

Еўрарадыё: Як можна ратавацца ад паслясвяточнай дэпрэсіі ў нашых беларускіх умовах?

Таццяна Худа: Напэўна, ёсць людзі, якія не могуць дачакацца сканчэння святаў – гэта такія, хутчэй, працаголікі. Але асноўная маса выпадае з жыцця пасля святаў. Што рабіць у такіх выпадках? Насамрэч, Новы год асацыюецца з нечым новым, нейкім новым чараўніцтвам, планамі, марамі і гэтак далей. І звычайна людзі сустракаюць Новы год у асяроддзі, да якога прызвычаіліся. І нейкіх незвычайных рэчаў пасля гэтага Новага году не пачынаецца. Ну, і вядома, гэта выклікае нейкія вельмі зніжаныя эмоцыі.

Еўрарадыё: То бок, цуд не адбываецца. Вось у мяне так заўсёды… Расчараванне нейкае ад святаў.

Таццяна Худа: Так. Мы часцей за ўсё прызвычаіліся рэагаваць на розныя падзеі, а тым больш, калі яны не адпавядаюць нашым чаканням, з гэтага вынікаюць дэпрэсіі. Таму можна ўспрыняць гэта, як дурны звычай так рэагаваць, калі нешта не адпавядае нашым планам, марам, чаканням. Таму мне здаецца, выхад тут вельмі просты: трэба змяніць гэты дурны звычай на новы – на больш карысны і добры. Што дзеля гэтага трэба рабіць? Як мінімум на 21 дзень у месяц узяць пад кантроль свой стан. Кожны дзень адсочваць, як вы рэагуеце на розныя рэчы, паглядзець, чаму на пры канцы дня можна парадавацца. А ў пачатку наступнага дня планаваць, якія радасці вы б хацелі атрымаць ад гэтага дня. Трэба канкрэтызаваць свае жаданні.

Еўрарадыё: То бок, шукаць пазітыўнае ў кожным дні?

 

Таццяна Худа: Бясспрэчна. Калі канкрэтызаваць гэтыя радасці-пажаданні, напісаць нейкія планы на наступны год, то ёсць магчымасць хутка уключыцца ў жыццё. Вядома, што пасля святаў трэба нейкая адаптацыя. Так чаму гэтыя два-тры дня спакойна не ўваходзіць у рэчышча працы і прытым вызначыць, што я хачу ў гэтым годзе.

Еўрарадыё: А вось, падсумоўваючы кожны свой дзень, ці варта запісваць тое, што адбылося добрае, ці што адбылося кепскае? Ці гэта трэба трымаць у галаве, абдумаць, і гэтага будзе дастаткова?


Таццяна Худа: Я думаю, што запісваць трэба абавязкова, таму што добрым звычаям, пра што я казала спачатку, трэба безумоўна ахвяраваць нейкі свой час. У нашай галаве, як даводзіць практыка, не доўга трымаецца патрэбная інфармацыя. Усё змешваецца, і таму, калі канкрэтныя рэчы ўзяць і адсочваць, напрыклад, той жа пазітыўны настрой, то ён уключыцца ў звычай. І тыя здарэнні, якія раней выклікалі моцны стрэс, будуць успрымацца значна мякчэй. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі