Псеўдасвятар у Мінску зарабляў тым, што свянціў кватэры гараджанам

Псеўдасвятар у Мінску зарабляў тым, што свянціў кватэры гараджанам

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС сталіцы 23 траўня затрымалі 44-гадовага непрацуючага раней судзімага мінчука. Мужчыну падазраюць, што ён хадзіў па кватэрах, прадстаўляўся святаром і падманам збіраў у грамадзян грошы, паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі

Першая заява ў міліцыю паступіла 24 красавіка. Жанчына скардзілася, што нейкі мужчына пад выглядам святара падманным шляхам завалодаў 35 доларамі ЗША. У гэты ж дзень праваахоўнікі атрымалі яшчэ адну такую ж заяву — ад мужчыны, які скардзіўся, што невядомы незаконна завалодаў 30 рублямі.

Міліцыянты высветлілі, што падманшчык называўся "айцом Аляксандрам". Ён хадзіў па дамах і прапаноўваў пасвянціць кватэры. Пры гэтым махляр даставаў запіскі і прапаноўваў іх запоўніць, заяўляючы, што яны будуць перададзеныя манахам з Грэцыі, якія прыбылі ў Мінск. У адным з выпадкаў мужчына прапаноўваў набыць ладанку за 35 рублёў, у іншым — збіраў ахвяраванні для дзяцей, хворых на рак.

Праваахоўнікі выветлілі ў Беларускай праваслаўнай царкве, што затрыманы мужчына не з'яўляецца святаром і не мае царкоўнага блаславення на богаслужэнні і збор ахвяраванняў.

Цяпер па гэтым факце ідзе праверка. Праваахоўнікі мяркуюць, што затрыманы мужчына можа мець дачыненне да іншых аналагічных фактаЎ як у сталіцы, так і іншых гарадах краіны. Усіх, хто мае інфармацыю пра факты махлярства гэтага мужчыны, просяць звяртацца ў Першамайскае РУУС Мінска асабіста альбо па тэлефонах 102, 8-017-239-66-18, 8-017-280-02-02.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі