Прысуд па справе палітвязняў Юліі Юргілевіч і Паўла Мажэйкі не аб'явілі

Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка / svaboda.org
Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка / svaboda.org

20 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе прысуд па справе палітвязняў Юліі Юргілевіч і Паўла Мажэйкі не аб'явілі. Як стала вядома праваабаронцам, пракурор нечакана запрасіў далучыць скрыншоты каментароў у інтэрнеце, атрыманых праз КДБ і ў сувязі з гэтым запрасіў працягнуць судовае пасяджэнне. Прычым, у закрытым рэжыме, бо трэба захаваць у таямніцы асобу нейкага "эксперта".

Пазней з'явіліся падрабязнасці. Пракурор Дзмітрый Сініла прынёс раздрукоўку артыкулаў "Белсата", паводле якіх вязняў судзяць. Суддзя і пракурор зразумелі, што час у Польшчы і Беларусі адрозніваецца, таму яны высвятляюць з праграмістам, калі паводле беларускага часу артыкул быў апублікаваны. Пасля гэтага будуць вырашаць, ці варта далучаць матэрыял да гэтай справы.

Тыдзень таму пракурор запрасіў па 6 гадоў пазбаўлення волі для журналіста Мажэйкі і адвакаткі Юргілевіч. Чакалася, што палітвязні сёння выступяць з апошнім словам, а пасля будзе абвешчаны прысуд. Аднак улады змянілі "сцэнар".

Працэс праходзіць з 10 ліпеня. Суддзя — Максім Філатаў, вядомы тым, што выносіў прысуды Вітольду Ашурку (загінуў пасля ў калоніі) і затрыманым па "справе Аўтуховіча".

Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч вінавацяць у перадачы інфармацыі "Белсату", што пракуратура называе "садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці". Гаворка ідзе пра тое, што Юргілевіч нібыта расказала Мажэйку пра прысуд палітвязню Алесю Пушкіну, якога яна абараняла, а потым — пра тое, што яе пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі. Павел Мажэйка, як сцвярджае абвінавачанне, перадаў гэтыя звесткі для размяшчэння на сайце згаданага тэлеканала.

Палітвязні знаходзяцца за кратамі з канца лета 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі