Прыпяць гарачэй за Міжземнае мора на 4 градусы, а Пціч за Чорнае – на 2

У Беларусі сёлета пабіты ўсе рэкорды тэмператур. Дый сярэднясутачная тэмпература ў нашай краіне павялічваецца амаль у два разы хутчэй за сусветную. Як распавёў Еўрарадыё начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў, лета 2007 выдасца вельмі спякотным:

“Наогул, прагназуецца, што ўсё лета будзе вельмі спякотным, і з недахопам вільгаці, маецца на ўвазе – без ападкаў. Гэта ненармальнае лета. Калі, напрыклад, паглядзець перыяд з 1 па 17 чэрвеня, то за ўвесь перыяд метэаралагічнага назірання такога працяглага спякотнага перыяду не было ніколі. У нас наогул шмат чаго яшчэ не было. Пабіты ўсе рэкорды, якія толькі можна, па тэмпературных максімумах”.

Здзіўляе і тэмпература вады. Па словах Дзмітрыя Рабава, беларусам у гэтым годзе лёгка можна абыйсціся без адпачынкаў у замежжы:

“Нам нават не трэба нікуды ехаць. Таму што тэмпература вады ў нас такая самая, як на поўдні, нават месцамі цяплейшая. У сярэднім 22-24 градусы. На Вілейскім вадасховішчы і на Нарачы зараз 21 градус, на Мінскім моры 22, на Пцічы 24 градусы. Самая цёплая зараз Прыпяць – ажно 26 градусаў”.

І насамрэч, навошта нам Турцыя з Крымам, калі на Чорным моры вада такая ж, як у Пцічы, месцамі нават халаднейшая. Напрыклад у Сочы 24 градусы, у Адэсе 22, у Ялце вада прагрэлася амаль да 23 градусаў. Дый і на Міжземным моры ў сярэднім каля 22.

Але ж не трэба забывацца на якасць вады. Калі для мора гэтая тэмпература цалкам натуральная, то на нашыя вадаёмы спёка ўплывае не вельмі станоўча… Распавядае лекар-гігіеніст Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Карпук:

“Спёка істотна паўплывае на якасць вады, таму што інтэнсіўна размнажаюцца мікраводрасці, пачынаецца так званае цвіценне вады, што пагаршае якасць вады ў адкрытых вадаёмах. Але якасць пагаршаецца таксама ад таго, што адбываецца масавае купанне насельніцтва, у вадзе пачынаюць з’яўляцца арганічныя забруджвальнікі”.


Як паведаміў Еўрарадыё загадчык камунальнага аддзялення камунальнай гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, беларускія вадасховішчы зачыняюцца з неймавернай хуткасцю:

“У сувязі з пагаршэннем мікрабіялагічных паказчыкаў якасці вады па пляжах Заслаўскага вадасховішча (Мінскае мора), вадасховішча Дразды і Цна, вынесены пастановы пра забарону купання і заняткаў воднымі відамі спорту”.

Таксама ў спіс забароны трапілі “Камсамольскае возера”, Вяча, Пціч, вадасховішча “Крыніца”. І, як прагназуюць эпідэміёлагі, у сувязі з анамальна цёплым летам гэты спіс яшчэ будзе пашырацца.

Якое надвор’е будзе наступным летам, сіноптыкі пакуль дакладна прагназаваць не наважваюцца, але па папярэдніх дадзеных, “пахаладання” дакладна не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі