Прыколы польскіх выбараў: Качыньскі з носам Пінокіё і хорары на YouTube

Напярэдадні выбараў польскія кандыдаты зладзілі антыагітацыю: яны смяюцца і кпяць адзін з аднаго (фота+відэа).
Перадвыбарчая кампанія ў Польшчы дасягнула свайго накалу, а разам з тым  абвастрылася і яе неафіцыйная частка. Так званая “антыагітацыя” гэта каля 1250 ролікаў на YouTube, якія з гумарам, пародыяй ды кпінамі паказваюць кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама карыкатуры ды фотакалажы. Напрыклад, на галоўнай старонцы маршала Сейма Браніслава Камароўскага можна пабачыць яго галоўнага саперніка Яраслава Качыньскага з носам Пінокіё.


Такім чынам, штаб Камароўскага хацеў сказаць, што Яраслаў Качыньскі падмануў выбарцаў і “пакінуў іх з носам”. Аднак у маршала Сейма і самога “рыльца ў пушку”, кажуць у партыі “Права і справядлівасць”. Шэф штаба Яраслава Качыньскага Ёанна Клюзік-Расткоўска нават склала доўгі спіс ляпаў Браніслава Камароўскага. Сярод іншага ён назваў датчанак кашалотамі, сказаў, што Польшча збіраецца выходзіць з НАТА, а таксама адзначыў, што палякі маглі б і прызвычаіцца да штогадовай паводкі.

Ёанна Клюзік-Расткоўска: “Гэта ўсё было б вельмі смешна, каб ён не быў кандыдатам у прэзідэнты. Мы лічым, што маршал Камароўскі так дрэнна пераносіць стрэс і складанасці кампаніі, што яму вельмі цяжка выконваць нават ролю кандыдата ў прэзідэнты. А што было б, каб ён стаў прэзідэнтам, то і ўявіць страшна”.

Закранаюць за жывое і агітацыйныя антыролікі. Нягледзячы на тое, што штабы кандыдатаў не прызнаюцца ў іх аўтарстве, эксперты сцвярджаюць што звычайныя аматары самі такога б не зрабілі. 

Каміль Дамброва, журналіст радыё Ток.фм: “80-90 % гэтых пародый гэта праца перадвыбарчых штабаў ці моладзевых арганізацый, якія робяць гэта па заданні штаба”.

Найбольш парадыйных ролікаў прысвечана фаварыту перадвыбарчай гонкі — Браніславу Камароўскаму. Шмат стужак і з удзелам Яраслава Качыньскага, а вось з другапланавых кандыдатаў кпяць менш — пародый на Гжэгажа Наперальскага ды Вальдэмара Паўляка амаль не знойдзеш.

“Антыролікі” адрасаваныя да 3 розных груп, кажуць эксперты. Першая — гэта прымітыўныя гледачы са слоўнікавым запасам каля тысячы слоў. У такіх роліках шмат вульгарных слоў ды відавочныя антысеміцкія настроі. Другая група — для гледачоў з запасам каля 5 тысяч слоў, то бок асобы з сярэдняй адукацыяй ці студэнты. А вось трэцяя група, адрасаваная да інтэлігентаў, самая малая. 

Сярод найбольш яркіх ролікаў — хорар-пародыя на “Чырвоны Каптурок”. Сюжэт разгортваецца ў тым жа пакоі, у якім Яраслаў Качыньскі звяртаўся з пасланнем да расіян. У пакоі спіць бабуля, а ўнучка прыходзіць да яе і пачынае пытацца:

Чырвоны Каптурок: “Бабуля, навошта табе піяніна, калі ты не ўмееш граць? Навошта табе акуляры калі ты і так добра бачыш? Бабуля, а чаму ўнізе экрана бягуць рускія надпісы, ты ж не любіш рускіх? Бабуля, ты нейкая іншая!”

У выніку воўк, апрануты як бабуля, з’ядае Каптурка, а ролік заканчваецца словамі: “Не дазволь, каб цябе з’елі! Галасуй за егера!” 


Такім чынам, аўтары роліка кпяць з прывязанасці Яраслава Качыньскага да старой маці, негатыўнае стаўленне да расіян і фальшывасць яго іміджа, як кандыдата ў прэзідэнты.

А вось Браніслава Камароўскага у адным з ролікаў прадстаўляюць як марыянетку Дональда Туска.



Некаторыя кпяць з яго першага перадвыбарчага спота


Фота і відэа — www.youtube.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі