Прэзідэнт “адставіў” самых блізкіх паплечнікаў

Звальненнем галоўнага пагранічніка краіны Аляксандра Паўлоўскага прэзідэнт 10 красавіка не абмежаваўся. Не зважаючы на тое, што кадравы дзень звычайна - пятніца, у аўторак Аляксандр Лукашэнка прыняў некалькі знакавых кадравых рашэнняў.
На месца Аляксандра Паўлоўскага кіраўнік дзяржавы прызначыў палкоўніка Ігара Рачкоўскага. Да прызначэння на пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў ён служыў начальнікам памежнай контрразведкі - Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў.

Вельмі істотная акалічнасць: кіраўніком АСАМ спадара Рачкоўскага прызначылі па пратэкцыі Віктара Лукашэнкі. У свой час сын прэзідэнта служыў у падначаленні Ігара Анатолевіча.

Першым намеснікам спадара Рачкоўскага і начальнікам штаба памежных войскаў прэзідэнт назначыў генерал-маёра Вадзіма Зайцава. Такім чынам, генерал-маёр апынуўся падначаленым палкоўніка. Але чаму тут здзіўляцца - памятайце, дзе жывем.

10 красавіка кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Аркадзя Ларывонава галоўным доктарам дзяржаўнай установы "Рэспубліканская лякарня" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З 2001 па 2007 год галоўным доктарам “прэзідэнцкай клінікі” была Ірына Абельская. Кіраванне лякарняй яна спалучала з выкананнем абавязкаў асабістага доктара Аляксандра Лукашэнкі. Ці захавае яна гэты статус - пакуль невядома.

Нядаўна прэзідэнт заявіў, што падчас апошняга адпачынку ён прыслухоўваўся выключна да парадаў міністра аховы здароўя.

Спадар Ларывонаў да свайго апошняга прызначэння займаў пасаду галоўнага доктара сталічнай "Гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі". Перад новым кіраўніком “Рэспубліканскай лякарні” прэзідэнт паставіў задачу: падняць установу на ўзровень навукова-практычнага цэнтра.


Фота — www.healthcare.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі