“Прэзідэнцкая” трактарыстка жыве без газу і вады

Чыноўнікі камунгасу склалі пратакол на жыхароў 8-мі кватэрнага дома ў вёсцы Радзялавічы Ганцавіцкага раёна. Людзі паскардзіліся на тое, што ім так і не выплацілі абяцаныя грошы на капітальны рамонт і не паставілі газавыя пліты. Аднак замест выдачы сродкаў жыхарам пагражаюць штрафы. Падчас капітальнага рамонту ім адключылі гарачую ваду і газ. Людзі вымушаныя былі гатаваць сабе ежу ў сваіх знаёмых з суседніх дамоў. Новыя пліты згодна з дамовай ім не паставілі і не выдаткавалі грошы на ўнутраныя работы.

Калі жыхары пачалі пісаць скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі, да іх прыйшлі з камунгасу і склалі пратаколы, нібыта яны без дазволу перабудавалі жыллё і паставілі печкі. Дарэчы, печкі былі пастаўленыя яшчэ да таго, як правялі газ. Ды і пры перадачы дома калгасам на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі пытання печак не ўздымалася.

Між тым, у антысанітарных умовах сярод іншых у гэтым доме жыве знакамітая трактарыстка Ніна Рабцэвіч. Чатыры гады таму яна атрымала “прэзідэнцкі” трактар. Тады ж па прэзідэнцкай праграме ёй падаравалі мікрахвалёвую печ, якая, па словах механізатаркі, і ратуе яе цяпер ад голаду.