Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл "Наверное" і кліп на яго ад Ride Too Slow

11.11 ў 11:11 мінская каманда Ride Too Slow прадстаўляе на Еўрарадыё новы сінгл "Наверное" і кліп на яго. Ідэя відэа прыйшла лідару гурта Мікалаю Сапунову. Яе ўдасканальваннем і рэалізацыяй займаўся рэжысёр Аляксандр Дутлаў. А нечаканую ролю янота ў кліпе выканаў басіст гурта The Toobes і сябра Ride Too Slow Стас Мурашка.

"Песня пра тое, што не вельмі хочацца, каб была зіма, і пра тое, што хочацца трапіць туды, дзе няма гэтай зімы, — тлумачыць задуму Мікалай Сапуноў. — І вось, ёсць такі янот, які жыве недзе за горадам, на лецішчы, у вёсцы, рыхтуецца да зімы. То бок, прыводзіць у парадак парнік, апускае ў пограб саленні, а потым з'язджае адтуль на ровары і махае ўсім рукой, маўляў, да сустрэчы, я паехаў. Праўда, не вядома, куды, ці ў цёплыя краіны, ці некуды яшчэ".

Па словах Стаса Мурашкі, спачатку ён проста дапамагаў Колю, якога вельмі любіць і цэніць, знайсці акцёра на ролю янота. Але ў выніку сам пагадзіўся на прапанову: “У цябе ж ёсць досвед здымак у недарагіх кліпах!”.

“Гэта былі незабыўныя адчуванні, таму што я, насамрэч, быў другі раз у касцюме! Першы — гэта было ў другім класе, я тады быў мушкецёрам. А ў дарослым жыцці дагэтуль я нават на Хэлоўін ніколі не апранаўся. А тут прама сярод лесу ў касцюме янота — гэта было вельмі весела. Я валяўся і мог рабіць усё, што хачу”, — кажа Стас.

Праўда, музыкам падалося, што прэзентаваць толькі сінгл і кліп неяк сумна, і таму яны вырашылі дадаць да "Наверное" некалькі бонусаў. Першым бісайдам стала песня "Самый тёплый день", ужо вядомая слухачам Еўрарадыё па дэбютным ЕР гурта, запісаная Мікалаем Сапуновым і Стасам Мурашкам і зведзеная Андрэем Жукавым яшчэ да з'яўлення Ride Too Slow. Другі бісайд "О тебе" таксама быў створаны даўно, ляжаў у доўгай шуфлядзе і нарэшце дачакаўся свайго часу.

Сінгл "Наверное" анансуе дэбютны альбом Ride Too Slow, які мусіць з'явіцца на пачатку новага года. А прэзентацыя сінгла і кліпа адбудзецца напрыканцы лістапада ў адным з мінскіх клубаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі