Прэзентацыя на Еўрарадыё: cінгл "Salut" ад Mustelide

Праект Mustelide, аўтаркай і вакалісткай якога з'яўляецца Наталля Куніцкая (Clover Club, "Серебряная Свадьба"), выпусціў новы трэк "Salut". Ён анансуе новы альбом, які выйдзе ў 2015 годзе.


"Гэты трэк па гучанні будзе самым нармальным, таму што ў альбоме гэтым разам будзе вельмі шмат эксперыментаў і зменіцца гук — я выкарыстоўваю некалькі іншы інструментарый, — распавядае Наталя Куніцкая. — Але ў цэлым па настроі застанецца нешта падобнае да таго, што было ў першай працы, таму што я ўсё гэтак жа перадаю свой унутраны свет".


Па словах Наталлі, на новым альбоме фэны пачуюць шмат незвычайных сэмплаў, якія яна знайшла на старых запісах. Сярод іх — малітва на шведскай мове, якую чытае сябра музыкі, і якая акурат гучыць у кампазіцыі "Salut" як невялікі сюрпрыз.


""Salut" сапраўды з іншай рэальнасці — там свае персанажы і сваё жыццё, — працягвае Наталля. — Я часта сутыкаюся з гэтай рэальнасцю ў сне, знаёмлюся з кімсьці ці чымсьці, існуючымі толькі там. Гэта можа быць чалавек, якога ніколі не сустракала ў рэальным жыцці, але там ён існуе, у яго ёсць пачуцці і і індывідуальнасць. І гэтыя персанажы могуць стаць табе вельмі блізкімі, так, што калі прачынаешся, пачынаеш па іх сумаваць і тужыць. Аднойчы, прачнуўшыся пасля чарговай такой сустрэчы, я напісала "Salut"".


У альбом увойдзе каля 8 песень. А вось наконт таго, дзе выйдзе кружэлка, спявачка думае: адразу некалькі лэйблаў прапануюць ёй супрацоўніцтва.

Прэзентацыя трэка пройдзе ў межах сольнага канцэрта Mustelide у клубе "Графіці" 21 чэрвеня. Пачатак у 19.00.

Фота www.artpicnic.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі