Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Нужное подчеркнуть” ад гурта “Бульвар”

Над лонгплэем “Нужное подчеркнуть” гурт працаваў два гады. У пласцінку ўвайшло 11 кампазіцый. Трэкі, якія не ўвайшлі ў альбом, будуць выдадзеныя пазней у выглядзе своеасаблівых бонусаў.

Як любяць казаць самі ўдзельнікі гурта “Бульвар”, “Нужное подчеркнуть” — гэта чарговы “аўдыёдзённік” гурта і “першы трэці альбом”. Увесь матэрыял пласцінкі музыкі называюць асабістым, “аголеным” і прапушчаным праз сябе. Як распавёў Еўрарадыё лідар гурта Міхаіл Курносаў, агульны настрой пласцінкі атрымаўся пахмурным як восеньскае надвор’е, а моцны акцэнт на альбоме адведзены тэкстам.

"Нужное подчеркнуть" — гэта альбом-аўдыёдзённік, які складаецца са станаў, якія мы пражылі ў апошнія два гады. У падыходзе, аранжыроўках, тэкстах, музыцы — ва ўсім ён адрозніваецца ад першых двух альбомаў і для нас ён у пэўным сэнсе дэбютны. Гэта музыка цесных хрушчовак і шырокіх падваконняў, утульныя скразнякі ўскраін вялікага горада, рыфмаваная проза ад дапытлівага сэрца, мары ў крэдыт і жыроўка на адзіноцтва, дажджлівае лета і сонечная зіма, казкі для дарослых дзяцей і зусім крышачку блюза — патрэбнае падкрэсліць!" — такімі словамі музыкі запрашаюць на свой “Бульвар”.

Цяпер гурт рыхтуецца да прэзентацыі новай праграмы, якая пройдзе 8 лістапада ў мінскім клубе “Піраты”.

“Паколькі нашы тэксты і музыка вельмі асабістыя, то і ўся атмасфера прэзентацыі будзе вельмі хатняй і ўтульнай. На кожную прэзентацыю мы запрашаем цікавага госця, але няхай яго імя стане сюрпрызам для тых, хто прыйдзе на канцэрт, — інтрыгуе Міхаіл Курносаў. — А пасля непасрэдна прэзентацыі імпрэза працягнецца вечарынкай да самай раніцы!”

Неўзабаве на нашым сайце з'явіцца вялікае інтэрв'ю з гуртом "Бульвар". Сачыце!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі