Прэс-служба Лукашэнкі: Нарада ў справе адраснай дапамогі не адбылася

Анансаваная яшчэ ў кастрычніку нарада ў Аляксандра Лукашэнкі ў справе адраснай сацыяльнай дапамогі 6 лістапада не адбылася. Гэта Еўрарадыё пацвердзіў кіраўнік прэс-службы кіраўніка дзяржавы Павел Лёгкі. Больш таго, спадар Лёгкі вельмі здзівіўся, што яна мусіла адбыцца:

“6-га чысла ў прэзідэнта былі запланаваныя працоўныя сустрэчы, і мы пра гэта паведамілі. Праходзілі планавыя мерапрыемствы. А пра тое, што нарада нейкая, я пра гэта нічога не ведаю…

Ва ўсялякім выпадку заўтра мы падобнай нарады не праводзім. Гэта я магу дакладна сказаць”.


Нагадаем, у кастрычніку падчас разгляду праекта бюджэту на будучы год дэпутаты Палаты прадстаўнікоў заўважылі, што на адрасную сацыяльную дапамогу плануецца выдаткаваць толькі 50-60 млрд рублёў, хоць ад адмены ільготаў планавалася атрымаць дадаткова 160 млрд рублёў.

У інтэрв’ю “Комсомольской правде в Беларуси” міністр фінансаў Мікалай Корбут так патлумачыў сітуацыю:

“Пасля 6-га чысла [лістапада] я ўсё раскажу і раскладу па палічках. Будзем разглядаць праект указа ў прэзідэнта і ўсё вырашым”.

Гэта пацвердзіў і Лукашэнка падчас сустрэчы з расійскімі журналістамі 12 кастрычніка:

“Мы іх усе адмянілі і цяпер указам прэзідэнта ўводзім льготы для тых, хто імі мусіць карыстацца. Перш за ўсё – гэта інваліды. Другое – гэта шматдзетныя сем’і. Дакумент ужо гатовы, у мяне на стале, але я хачу яшчэ парадзіцца з членамі ўрада”.

Пр гэта паведамляла і нашае радыё са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Дарэчы, на наступны дзень, 7 лістапада, Аляксандр Лукашэнка чамусьці не прыехаў на адкрыццё новых станцый мінскага метро, а паслаў на ўрачыстасць кіраўніка Адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі