Прэм'ер Італіі сыходзіць у адстаўку

Прэм'ер Італіі сыходзіць у адстаўку

Прэм'ер-міністр Італіі сыходзіць у адстаўку. Адпаведную заяву Марыё Драгі зрабіў у Савеце міністраў, піша "Новая газета. Еўропа".

"У апошнія дні з майго боку была праяўлена максімальная прыхільнасць прадаўжэнню агульнага шляху... гэтых намаганняў аказалася недастаткова... большасці прыхільнікаў нацыянальнага адзінства, якія падтрымлівалі гэты ўрад з моманту яго стварэння, больш няма", — сказаў прэм'ер.

14 ліпеня ў верхняй палаце італьянскага парламента прайшло галасаванне, на якім дэпутаты выказалі вотум даверу ўраду Драгі. "За" прагаласавалі 172 парламентарыі, "супраць" — 39. Аднак браць удзел у галасаванні адмовіліся чальцы найбуйнейшай партыі Італіі "Рух 5 зорак", што прывяло да расколу кааліцыі, якая падтрымлівае Драгі. 

"Я вельмі баюся, што ў верасні сем'і стануць перад выбарам: аплачваць рахункі за электрычнасць або купляць ежу", — заявіў лідар партыі "Рух 5 зорак" Джузэпэ Контэ

Падставай да дэмаршу "Руху 5 зорак" стаў праект закона аб дапамозе насельніцтву ў сувязі з ростам інфляцыі і коштамі на энерганосьбіты. Аб'ём дапамогі, прапанаваны ўрадам, — 26 мільярдаў еўра, тлумачыць BBC. У партыі заявілі, што яны супраць гэтага закону праз планы будаўніцтва пад Рымам вялікага заводу па спальванні смецця (у Рыме існуе вялікая праблема са смеццем). 

Праўда, аб'яўляючы байкот, Джузэпэ Конці не сказаў аб выхадзе з урада — ён запэўніў, што "Рух 5 зорак" гатовы да дыялогу і працы ва ўрадзе, але для гэтага Марыё Драгі мусіць выканаць патрабаванні партыі, якія тычацца ў асноўным сацыяльных выдаткаў.

Драгі заняў пасаду старшыні Савета міністраў Італіі ў лютым 2021 года.

UPD: Прэзідэнт Італіі Сэрджо Матарэла не прыняў адстаўку прэм'ера Марыё Драгі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі