Пратасевіч: Выкладчык казаў, што не адпраўляе на пераздачы, а мне паставіў 2

Пратасевіч: Выкладчык казаў, што не адпраўляе на пераздачы, а мне паставіў 2

26 студзеня за акадэмічную непаспяховасць з 4-га курсу завочнага аддзялення журфаку БДУ быў адлічаны блогер Раман Пратасевіч. Летась хлопец стаў стыпендыятам прэміі Вацлава Гавэла. Цяпер ён жыве і праходзіць прафесійную стажыроўку ў Празе. Раман не лічыць сваё адлічэнне цалкам "палітычным". Ён не змог здаць чатыры дысцыпліны: залік па паліталогіі, курсавую працу, а таксама замежную і рускую літаратуры.

“Сесія распачалася 8 студзеня, але я прыляцеў з Прагі толькі увечары 11-га. Абарона курсавой працы і залік па паліталогіі былі прызначаны на 12 студзеня, але раптам апынулася, што іх перанеслі на 11-е, — распавядае Пратасевіч Еўрарадыё. — У выніку мае аднагрупнікі атрымалі залікі на дзень раней. Мне не падалося гэта праблемай, таму што гэта можна было пераздаць пазней”.

Далей Раман Пратасевіч працягваў вучыцца, як і ўсе, атрымліваў залікі і не прадбачыў нічога кепскага. Але раптам пачаліся праблемы: хлопец не здаў іспыт па замежнай літаратуры.

Пратасевіч: “У першы раз мне нават не далі выцягнуць білет, бо выкладчыку не спадабалася, як я аформіў канспект і спіс прачытанай літаратуры, да таго ж спіс быў не поўны. Пасля я спрабаваў здаць яшчэ раз з іншай групай. Прачытаў 10 з 11 патрэбных твораў, але не здаў”.

Сёння блогер не здаў іспыт па рускай літаратуры. Ён адразу прызнаецца, што не вельмі добра падрыхтаваўся да гэтага іспыту і, калі пачаў адказваць, разумеў, што не здасць.

Пратасевіч: “Але і тут яшчэ справа ў тым, што гэты прадмет быў у мяне і раней, і заўсёды ўсе было добра. Нават невялічкая іронія атрымліваецца: толькі ўчора выкладчык, які прымаў гэты іспыт, даваў інтэрв’ю, дзе казаў, што ніколі не адпраўляе на пераздачы. Больш за тое, ён распавёў, што ад завочнікаў патрабуе значна менш і самая нізкая адзнака, якую можна атрымаць, гэта 4. Ну, вось я атрымаў 2”.

Пасля іспыту па рускай літаратуры Раман пайшоў на занятак. Але не паспеў ён скончыцца, як хлопцу патэлефанавалі з дэканату і паведамілі: яго дакументы ўжо падрыхтаваныя для адлічэння.

Пратасевіч: “Мне стала цікава, як так хутка яны разабраліся з паперкамі, таму што звычайна працэдура адлічэння займае больш часу”.

На пытанне Еўрарадыё пра тое, што будзе рабіць далей, блогер распавядае, што паспрабуе аднавіцца на журфаку ў наступным годзе. Калі не атрымаецца — будзе паступаць на вучобу ў замежжы.

Як інфармавала Еўрарадыё, на мінулым тыдні стала вядома пра пагрозу адлічэння з журфаку БДУ другакурсніцы Ганны Смілевіч, якая нядаўна была абраная старшынёй “Моладзі БНФ”. Дзяўчына займела тры “хвасты”. Фармальна пры наяўнасці акадэмічнай запазычанасці па трох прадметах адлічэнне адбываецца аўтаматычна.

“Нельга сказаць, што я была ідэальна падрыхтаваная, але, напэўна, паўплывала тое, што я стала кіраўніком Моладзі БНФ”, — адзначыла дзяўчына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі