Прапануй Вялікабрытаніі выйсце з ЕС і атрымай 100 тысяч еўра

Брытанскі ўрад апублікаваў адразу шэсць справаздач, якія аналізуюць розныя аспекты знаходжання краіны ў ЕС: адзіны еўрапейскі рынак, падаткаабкладанне, замежную дапамогу і іншыя.

Напрыклад, у аналізе адзінага рынку гаворыцца пра “істотны эканамічны эфект”, які атрымала Вялікабрытанія ад сяброўства ў ЕС, хай сабе і з агаворкай на складанасці, што накладваюцца кантролем гэтага рынку:

“Паводле меркаванняў многіх экспертаў, адзіны рынак прынёс ЕС і, адпаведна Вялікабрытаніі, значныя эканамічныя выгады. А таксама дапамог распаўсюджванню брытанскай ліберальнай палітычнай мадэлі ва ўсім ЕС”.

Пад негатыўным уплывам ЕС, паводле справаздачы, знаходзіцца сістэма аховы здароўя, якая мусіць вызначацца самімі краінамі.

Брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран паабяцаў правесці рэферэндум аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС у 2017 годзе. Але ў выпадку, калі яго Кансерватыўная партыя пераможа на наступных выбарах. Менавіта таму ўрад ініцыяваў падрабязную экспертызу, якая мусіць дапамагчы краіне вызначыцца са сваім лёсам у ЕС (да восені 2014 года выйдуць яшчэ 26 справаздачаў). Яе праводзяць дзяржслужачыя, таму аб’ектыўнасць выклікае пытанні. Лідар “Партыі незалежнасці Вялікабрытаніі”, якая выступае за выхад з ЕС, Нэйджыл Фарыдж лічыць апошнія справаздачы піярам кіруючай кааліцыі:

“Гэта бескарыснае і цынічнае PR-практыкаванне, зробленае кааліцыяй, бо абсалютна зразумела, што Дэвід Кэмеран думае інакш”.

Калі гаварыць пра брытанскіх бізнесменаў, то яны, як правіла, выступаюць супраць выхаду краіны з Еўрасаюза. Падчас нядаўняга візіта на завод Bentley прэм’еру нават задалі пытанне пра “нявызначанасць”, з якой сутыкнуцца прадпрыемствы ў выпадку правядзення рэферэндума. На што Дэвід Кэмеран адказаў проста:

“Думаю, што большай нявызначанасцю было б пакласці галаву ў пясок і зрабіць выгляд, што праблемы з Еўропай няма. Праблема існуе, і я збіраюся яе вырашыць”.

Ідэю Вялікабрытаніі аб аддзяленні з асцярожнасцю ўспрымаюць і звонку. The Guardian паведамляе, што брытанскія еўраскептыкі, якія прапануюць замест Еўропы рабіць большы акцэнт на “англамоўным свеце”, атрымалі нечаканы ўдар з боку Аўстраліі. Міністр замежных спраў гэтай краіны рашуча заклікае Вялікабрытанію заставацца ў ЕС. А брытанскі амбасадар у Вашынгтоне папярэдзіў, што, пакінуўшы Еўрасаюз, Лондан паменшыць свой уплыў у ЗША.

Тым не менш нехта на выхадзе Брытаніі з ЕС можа выйграць. Не мала і не шмат, але 100 тысяч еўра. Яны дастануцца таму, хто прапануе лепшы план “уцёкаў” Вялікабрытаніі з ЕС і тым самым выйграе ў конкурсе, які нядаўна аб’явіў Брытанскі цэнтр даследаванняў.

Фота: purefx.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі