Пракуратура Гомельскага раёна канфіскавала з продажу раман Альгерда Бахарэвіча

Альгерд Бахарэвіч з раманам "Сабакі Еўропы" ў мінскай "Акадэмкнізе" ў 2019 годзе

Альгерд Бахарэвіч з раманам "Сабакі Еўропы" ў мінскай "Акадэмкнізе" ў 2019 годзе / facebook.com/alhierd.bacharevic

Пракуратура Гомельскага раёна адчыталася аб канфіскацыі з продажу кнігі Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы". Гэты раман улады Беларусі лічаць "экстрэмісцкім". Кнігу пракуроры знайшлі "падчас маніторынгу інтэрнэт-сайтаў". Раман прадавала інтэрнэт-крама Bestbooks.by. Яе прымусілі прыбраць кнігу з продажу.

Пытанні ў гомельскай раённай пракуратуры ўзніклі і да ТАА "ЯндэксБел". Прычынай стала кампазіцыя "Horst-Wessel-Lied", размешчаная ў "Яндэкс.Музыцы". Песня Хорста Весселя была афіцыйным гімнам Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) Германіі і актыўна выкарыстоўвалася ў Трэцім рэйху. А ў Беларусі распаўсюджванне нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі забаронены.

Пры гэтым пра абодва творы — кнігу Бахарэвіча і гімн НСДАП — гомельскія пракуроры гавораць у адным кантэксце, як пра тыя, што "прапагандуюць нацызм".

Між тым раман "Сабакі Еўропы" – гэта рэфлексія пра Беларусь і беларусаў. Гэта "раман пра ўсё. Пра мяне, пра вас усіх, пра Беларусь, Еўропу, мір, нацыяналізм, ілюзіі, каханне, паэзію, нянавісць, мову, уладу, маніпуляцыі, пра Мінск, пра нашу сілу і слабасць…", - так тлумачыў пасыл і змест сваёй кнігі Альгерд Бахарэвіч. Рускі пераклад рамана быў намінаваны на прэмію "Вялікая кніга" і ўвайшоў у шорт-ліст. У гэтым годзе выйшаў пераклад кнігі на нямецкую мову.

Улады Беларусі склалі цэлы спіс кніг беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў і даследчыкаў, якія лічаць "экстрэмісцкімі". Гэтыя кнігі забаронены. Іх прыбіраюць з крам і вольнага доступу ў бібліятэках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі