Вы тут

Пракуратура адклікала пратэст на рашэнне суда па справе супраць "Новага часу"

Фота: novychas.by

Пракуратура Савецкага раёна Мінска адклікала апеляцыйны пратэст на рашэнне суда па справе бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць газеты "Новы час" і журналіста Дзяніса Івашына. Пра гэта паведамляе tut.by са словаў адвакаткі Ізраілевіча.

Яна зазначыла, што бізнэсовец не планаваў абскарджваць рашэнне суда. Калі стала вядома, што пракуратура падала апеляцыю, абаронца Ізраілевіча вырашыла пацікавіцца дэталямі, але даведалася толькі, што пратэст ужо адкліканы. 

У судзе Савецкага раёна журналістаў папрасілі накіраваць пісьмовы запыт наконт гэтай апеляцыі.

Як паведамлялася раней, Аркадзь Ізраілевіч прайграў суд аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супраць газеты "Новы час" і журналіста Дзяніса Івашына. Выданне абнародавала журналісцкае расследаванне Івашына, прысвечанае сумна вядомаму рэстарану "Поедем поедим" на ўскрайку Курапатаў. З яго вынікала, што менавіта Ізраілевіч з'яўляецца галоўным бенефіцыярам рэстарана, пабудаванага каля месца масавых расстрэлаў. Ізраілевіч заяўляў, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. 

Суд Савецкага раёна не задаволіў пазоў Ізраілевіча, адмовіў у публікацыі абвяржэння і спагнанні маральнай шкоды з аўтара і рэдакцыі газеты. Пракуратура спярша падала апеляцыйны пратэст на гэтае рашэнне, але потым яго адклікала.