Прадстаўніца Швецыі пры офісе Ціханоўскай пракаментавала пашпартную праблему

Крысціна Юханесан і Святлана Ціханоўская

Крысціна Юханесан і Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Дыпламатычная прадстаўніца Швецыі пры офісе Святланы Ціханоўскай будзе сумяшчаць гэтую пасаду з пасадай амбасадаркі ў праекце "Усходняе партнёрства". Працаваць Крысціна Юханесан будзе са Стакгольма, піша сайт "Зеркало".

Сваімі бліжэйшымі задачамі Юханесан бачыць паглыбленне ў праблемы беларусаў, якія жывуць Швецыі, інфармаванне жыхароў Швецыі ды іншыя міністэрствы пра сітуацыю ў Беларусі.

Журналісты запыталіся, ці можа Швецыя дапамагчы ў вызваленні беларускіх палітвязняў. Дыпламатка ахарактарызавала сітуацыю як несуцяшальную. На яе думку, сёння ў у ЕС практычна няма рычагоў, каб змяніць сітуацыю. "Трэба нагадваць грамадскасці ў нашых краінах, што гэтыя людзі знаходзяцца за кратамі. Пакуль я не бачу іншых канкрэтных [шляхоў]. Як толькі мы што-небудзь знойдзем, мы, вядома, гэта ўсё прапрацуем", — кажа яна.

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе беларусаў, — заканчэнне тэрміну дзеяння пашпартоў, якія немагчыма абмяняць. Юханесан адзначыла, што пытанне з пашпартамі і візамі знаходзіцца ў кампетэнцыі кожнай краіны: "Тут будзе цяжка дамовіцца аб нейкай, скажам, ўсёабдымнай сістэме для ўсяго Еўрасаюза. Але мы можам хоць бы разам выбраць нейкі шлях наперад, таму што гэтае пытанне трэба вырашыць".

Яна агучыла такі варыянт, як падаўжэнне тэрміну дзеяння пашпартоў замежнікаў і гэтак далей. Бліжэйшым часам, верагодна, адбудзецца дыскусія з гэтай нагоды.

Юханесан не дала канкрэтнага адказу, ці гатовая Швецыі прызнаць пашпарт новай Беларусі. Па-першае, у Швецыі яго не бачылі. Па-другое, такіх аналагаў у свеце яшчэ не было, кажа яна.

"Пытанне вельмі вялікае, але ўпэўненая, што ў Еўрасаюзе мы павінны знайсці агульнае рашэнне, бо калі мы ў кожнай краіне будзем вырашаць гэта лакальна, атрымліваецца, беларусы з нейкімі дакументамі не змогуць перамяшчацца ў іншыя краіны. Тут цэлы спектр пытанняў. Падключаюцца абсалютна ўсе міністэрствы. У першую чаргу, вядома, міністэрствы юстыцыі ўсіх краін", — мяркуе прадстаўніца Швецыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі