Вы тут

Прадпрымальнікам з "Гарызонта" заблакавалі дзверы прутамі арматуры

Арматура, якой заблакавалі дзверы на "Гарызонце" / фота Еўрарадыё даслаў Юрый Алейнік​

У сераду, 5 жніўня, арандатары 6 корпуса завода "Гарызонт" не змаглі трапіць на працу. Да 10:00 уваход у будынак быў зачынены. Калі работнікаў упусцілі, некаторыя арандатары выявілі, што дзверы ў іх офісы заблакаваныя прутамі арматуры.

"Агучаны падстава, чаму не пускалі: у будынку працуе МНС, — распавядае Еўрарадыё ўладальнік гульнявой прасторы "Кувалда" Юры Алейнік. — Але ні іх машын, ні саміх выратавальнікаў ніхто не бачыў".

Прадпрымальнік Юрый Алейнік / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Па словах бізнэсоўца, міліцыянт пры ім размаўляў па тэлефоне з арэндадаўцамі: дырэктарам ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-дэвелапер" Інай Кавалёвай і начальнікам аддзела развіцця камерцыйнай нерухомасці Віталём Рынкевічам

"Участковы перадаў, што Рынкевіч прызнаўся: гэта зрабілі яны. Сказалі, што маюць права абмяжоўваць доступ у памяшканні з-за нашай запазычанасці. Я лічу, што гэта незаконна, У памяшканнях знаходзіцца наша маёмасць. Міліцыя будзе разбірацца", — падсумоўвае Юрый. Пасля прыезду міліцыі прадпрымальнікі дасталі арматуру з падлогі і аднавілі доступ да сваёй маёмасці.

Атрымаць 5 жніўня каментары Віталя Рынкевіча і Іны Кавалёвай у Еўрарадыё не атрымалася. Рынкевіч сказаў, што сітуацыю можа пракамэнтаваць толькі дырэктарка — па гарадскім тэлефоне, праз сакратара. А Кавалёва адмовілася размаўляць з намі, спаслаўшыся на канец працоўнага дня (званок быў каля 17:40).

У чым прычына канфлікту?

Яшчэ ў красавіку крызіс, выкліканы пандэміяй COVID-19, пакінуў прадпрымальнікаў, якія арандуюць плошчы ў завода "Гарызонт", без кліентаў і стабільнага заробку. Прадпрымальнікі заявілі, што не могуць пацягнуць арэнду плошчаў на ранейшых умовах.

Але арэндадаўца пайшоў насустрач не адразу. Пасля працяглай перапіскі, перамоў і публікацый у СМІ 18 чэрвеня "Гарызонт" наведаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Па выніках сустрэчы ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-дэвелапер" пагадзілася з сярэдзіны чэрвеня знізіць арэндную плату да 2,5 еўра — "паводле заяўнога прынцыпу ў індывідуальным парадку", у адпаведнасці з пералікам асабліва пацярпелых сфер указа №143.

Вынікі перамоў, прадастаўленыя Еўрарадыё ў Міністэрстве эканомікі

Некаторым бізнэсам зніжэнне арэнднай платы не спатрэбілася: іх абароты не знізіліся. Але сервісам, завязаным на вялікі паток кліентаў, прыйшлося несалодка. Ужо ў красавіку ў прадпрымальнікаў утварыліся пазыкі перад арэндадаўцам, які пачаў спрабаваць спагнаць іх праз суд.

“Сітуацыя спрэчная, — кажа стваральнік брэнда Honar Павел Доўнар. — Пасля прыезду міністра была дамоўленасць, што з 18 чэрвеня па 143 указе будзе стаўка 2,5 еўра. Нам павінны былі пералічыць, але “Гарызонт” лічыць па-своёму і выстаўляе вялікія суммы”. 

Па словах Алейніка, акрамя "Кувалды" з пазовамі сутыкнуліся ўладальнікі "Kinder Ball", крамы дызайнерскага адзення "HONAR", друкарні "Stampa Premium".

Рашэнняў суд пакуль не агучваў. А ў выпадку з "Кувалдой" працэс прыпынены: суддзя абавязаў бакі правесці папярэднюю працэдуру аб прымірэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.