Пра што казала Алексіевіч на прэс-канферэнцыі ў Стакгольме

Пра што казала Алексіевіч на прэс-канферэнцыі ў Стакгольме

У нядзелю, 6 снежня, нобелеўская лаўрэатка па літаратуры 2015 года, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч правяла ў Шведскай акадэміі ў Стакгольме прэс-канферэнцыю.

Журналісты з Швецыі пацікавіліся рэакцыяй у Беларусі на атрыманне прэміі. Алексіевіч адзначыла, што рэакцыя людзей была "выдатная, добрая", а рэакцыя ўладаў "агрэсіўная". Паводле яе слоў, калі СМІ ўсяго свету пісалі пра яе, у афіцыйных беларускіх выданнях былі толькі маленькія паведамленні. Алексіевіч падкрэсліла, што і тэлебачанне і радыё на радзіме пра яе "маўчаць". Яна нагадала прысутным, што беларускае тэлебачанне не будзе арганізоўваць трансляцыю ўручэння прэміі.

Эфір Нобелеўскай прэміі бясплатны, але замест Алексіевіч будзе Малахаў

Святлана Алексіевіч не згодная, што яна "аблівае брудам" народ, Аляксандра Лукашэнку ці Уладзіміра Пуціна. Паводле яе слоў, яна піша "тое, што бачыць". А бачыць яна і ў Беларусі, і ў Расіі "самадзяржаўе і сярэднявечча". І задача пісьменніка патлумачыць гэтую з'яву, адзначыла нобелеўская лаўрэатка.

Польскі журналіст спытаўся, ці не феміністка яна? Алексіевіч сказала, што "вельмі добра адносіцца да фемінізму". Журналістка з Бярозы (Брэсцкая вобласць) спыталася ў Святланы Алексіевіч, у чым шчасце? Пісьменніца кажа, што яна шчаслівы чалавек, бо даўно робіць тое, што хоча і так, як хоча. Яна прыгадала гісторыю, што калі яе адправілі працаваць у Бярозу, на танцах яна пазнаёмілася з маладым чалавекам, які аказаўся... супрацоўнікам КДБ. І гаспадыня кватэры, дзе жыла Алексіевіч, папярэджвала яе, што ён яе "пасадзіць".

Радыё Свабода пацікавілася, што Святлана Алексіевіч магла б зрабіць для Беларусі ў сваім новым статусе? "Трэба рабіць сваю справу, рабіць яе спакойна, без адчаю, — кажа яна. — Нават статус не дапамагае, калі ты жывеш ва ўмовах дыктатуры. дыктатура — прымітыўнае стварэнне, яе звычайна ачольваюць неразумныя людзі".

Было нямала пытанняў пра творчасць пісьменніцы: пра яе ранейшыя кнігі і пра будучыя. Алексіевіч адзначыла, што ў маладосці ў яе было шмат "камуністычных ілюзій" і гэта адбівалася на яе першых кнігах, апошнія ж напісаў ужо "чалавек, свабодны ад такіх ілюзій". Святлана Алексіевіч лічыць, што ўжо ўсё напісала пра "чырвонага чалавека" і гэтыя яе кнігі павінны дапамагчы зразумець, што ж адбываецца зараз на абшарах былога СССР, чаму людзі пасля атрымання свабоды "зноў выбралі рабства".

Пісьменніца прызналася, што выбрала свой шлях у літаратуры пад уплывам твораў беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Асабліва яе ўразіла кніга "Я з вогненнай вёскі".

Адказваючы на пытанне японскай журналісткі, Святлана Алексіевіч гаварыла, што тэма кахання (тэма яе наступнай кнігі) зусім нялёгкая і вельмі часта трагічная. У новай кнізе жанчыны і мужчыны распавядуць свае гісторыі кахання. Таксама пісьменніца прызналася, што ў яе планах напісанне кніг пра старасць, пра смерць.

У Алексіевіч таксама спыталі, ці не адчувае яна пагрозы трэцяй сусветнай вайны? Яна прызналася, што "гэта неяк вісіць у паветры". Некаторыя яе сябры перачытваюць тэксты пра падзеі перад трагічнымі 1917 годам у Расіі, 1930-мі ў Нямеччыне. Паводле слоў пісьменніцы, нейкая цемра паўзе ў наша жыццё.

Нагадаем, уручэнне нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч адбудзецца ў Стакгольме 10 снежня.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі