Вы тут

Секс, стартапы і фемінізм: пра што гавораць у беларускіх падкастах

Бум падкастаў, які распачаўся некалькі гадоў таму ў ЗША і Заходняй Еўропе, паволі пачынае прасочвацца і ў Беларусь. Падкастараў становіцца ўсё больш і больш. Цяпер ледзь не ўсе беларускія СМІ лічаць, што абавязкова павінны стварыць падкаст. Еўрарадыё вырашыла сабраць самыя прыкметныя падкасты, якія робяць беларусы.

Пра секс

“Полчаса кардио”

Падкаст вядуць журналістка Аня Пярова і епамавец Максім Паршута. Яны скончылі журфак, працуюць у нейкіх медыя і паколькі больш нічога не ўмеюць, то вырашылі запісваць падкаст пра секс, які, па іх словах, быццам бы быў. Пакуль у іх выйшла толькі тры выпускі. Яны абмяркоўваюць выкарыстанне гумовых дзілда, групавуху і ці патрэбна яна, а таксама прэтэнзіі мужчын да жанчын і наадварот.

“Ты уже?”

Рэдакцыя мінскага часопіса KYKY.org вырашыла да сваёй рубрыкі "Секс" запусціць дадатковы падкаст. Супрацоўнікі выдання Ліза Мароз, Глеб Сямёнаў і Насця Рагатко абмяркоўваюць у кожным выпуску 2-3 стэрэатыпы пра секс. Самі аўтары называюць свой падкаст "гранічна сумленным". "Мы на асабістым вопыце і чужой мудрасці разбіраем міфы пра секс, якія ўсім перашкаджаюць жыць". Асноўны мінус: дрэнная якасць гуку, з-за чаго не атрымліваецца спаўна атрымаць задавальненне ад праслухоўвання.

Пра IT, стартапы і краўдфандынг

“ItStarts!”

IT-прадпрымальнік Іван Вядзенін і IT-менеджар Сяргей Лаўрыненка вырашылі запусціць падкаст пра стартапы, дзе расказваюць сваю праўду пра самую перадавую сферу Беларусі. Аўтары абмяркоўваюць стартап-экасістэму Беларусі, этапы фінансавання стартапа, бяруць інтэрв'ю ў розных беларускіх стартапераў і бізнес-анёлаў.

“Стартапніца”

Адзін з падкастаў Еўрарадыё, створаны сумесна з BEL.BIZ. Галоўны рэдактар ​​сайта BEL.BIZ Юлія Няхай і галоўны рэдактар ​​Еўрарадыё размаўляюць з дзёрзкімі і маладымі прадпрымальнікамі, якія спрабуюць пабудаваць свой бізнес у Беларусі, і са смелымі інвестарамі, якія дапамагаюць годны бізнес пабудаваць.

“Талаковы эфір”

Сумесны праект Еўрарадыё і Talaka.org, куды запрашаюцца арганізатары краўдфандынгавых кампаній, каб яны расказалі падрабязней пра свой праект і каб падштурхнуць слухачоў ахвяраваць грошы на праект.

Пра эканоміку

“Экономика на пальцах”

Эканамічны падкаст ад ТUT.by, які ўжо стаў культавым. Аўтар і вядучы праграмы — вядомы эканамічны аналітык Сяргей Чалы — імкнецца проста расказваць пра няпростыя рэчы. Дапамагае яму журналістка Вольга Лойка.

Культурна-гістарычныя і пра беларускую мову

“Ідэя Х”

Палітычны аглядальнік Еўрарадыё Зміцер Лукашук і маскоўскі філосаф, калумніст і хіпстар-падарожнік Максім Гаруноў вядуць аўтарскую праграму на Еўрарадыё пра пошук нацыянальнай ідэі беларусаў. У эфір запрашаюць самых розных палітычных, культурных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, каб яны паспрабавалі падчас дыскусіі сфармуляваць выслізгваючую сутнасць нацыянальнай ідэі беларусаў.

Падкасты “Радыё Свабода”

У іх цэлая серыя самых розных падкастаў на моўную і культурна-гістарычную тэматыку. Так, легендарны Вінцук Вячорка вядзе аўтарскую праграму пра беларускую мову "Мова пра мову". Выходзіць аўтарская праграма "Падарожжы з Бартосікам" з вядучым — лаўрэатам прэміі Гедройца Змітром Бартосікам. І гэта не ўсё, з поўным спісам можна азнаёміцца ​​на сайце "Свабоды".

Падкасты Арт Сядзібы

Арт Сядзіба запісвае падкасты "Беларускамоўныя" пра тое, як людзі прыйшлі да беларушчыны, і сумесны з Еўрарадыё падкаст “Культурная сядзіба”, дзе абмяркоўваюць актуальныя навіны пра культуру і грамадства.

Пра музыку

“Такога вы не чулі”

Чарговы праект Еўрарадыё, дзе вядучая Маша Калеснікава размаўляе з беларускімі музыкамі і тыя прэзентуюць свае новыя песні. Гасцямі праграмы былі рэпер Бакей, гурт Dee Tree, Лера, спявачкі Лера Яскевіч і Ліса, Зміцер Вайцюшкевіч і гурт РСП.

“Логика Ритма”

Серыя падкастаў ад Андрэя Вусевіча і Аляксандра Ананьева пра навінкі немэйнстрымавай электроннай музыкі. Раз на два тыдні яны абмяркоўваюць навінкі электроннай музыкі — бас, электра, эксперыментальнае тэхна і хаус.

Пра медыя

Dzigital

Падкаст пра сацыяльныя сеткі, зносіны, digital-прылады і тэхналогіі. Вядучыя падкаста Дзіяна Ляшкевіч і Анастасія Пілюгіна. Яны абмяркоўваюць з запрошанымі гасцямі рэгіянальныя медыя, праблемы сацсетак і раённых газет у інтэрнэце. Акрамя падкаста, яны вядуць тэлеграм-канал і арганізуюць мерапрыемствы.

Падкасты Press Club Belarus

Зараз у беларускага Press Club ёсць два падкасты. "Слушай, что" — гутаркі на калямедыйныя тэмы з запрошанымі гасцямі са СМІ і іншых медыя. Пакуль даступны толькі выпуск з Аляксеем Кавалёвым, рэдактарам аддзела расследаванняў Meduza. "Что надо" — падкаст, які стартаваў некалькі месяцаў таму і ў якім абмяркоўваюць праблемы медыя, работу з аўдыторыяй і выклікі сучаснасці для СМІ ў краінах пост-СССР і свеце з запрошанымі экспертамі.

“Ідэйны падкаст”

"Цэнтр новых ідэй" пачынаў з падкаста "Ідэйны падкаст", які на дадзены момант ужо паспеў пераваліць за 100 выпускаў. Антон Раднянкоў, Глеб Мартынаў, Іван Шыла і часам Рыгор Астапеня абмяркоўваюць апошнія навіны і важныя падзеі ў Беларусі і свеце.

Пра фемінізм і адукацыю

FemFM і “Минобр позвонит!”

Акрамя асноўнага падкаста, "Цэнтр новых ідэй" выпускае праграмы пра фемінізм “FemFM”, якія вядуць журналістка Вольга Астаповіч, экалагістка Марыя Сума і спецыялістка па камунікацыі Таццяна Кузняцова, і праграму пра адукацыю “Минобр позвонит!”.

Пра ментальнае здароўе

“Мы не договорили!” 

Падкаст пра ментальнае здароўе і пра тое, як яно ўплывае на жыццё. Кожны выпуск Каця Ажгірэй і Аляксандр Старадзетка знаёмяць слухачоў з героямі, занятымі ў сферы ментальнага здароўя або тымі, якія шчыльна з ім судакранаюцца, каб даведацца пра нюансы работы з псіхікай, целам, голасам і нават планетамі.

 

Падкасты Еўрарадыё

Акрамя ўжо згаданых падкастаў, у Еўрарадыё ёсць яшчэ цэлая лінейка лайфстайл-праграм: "Закон у натуры", "Еўрарамонт", "Першыя 100 гадоў", "Унос мозгу" і іншыя. Усё гэта выходзіць пад рубрыкай "Vitamin E".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube- канале. Падпісацца можна тут.