Вы тут

Поўная ізаляцыя або падтрымка: ці застанецца Беларусь у Балонскім працэсе?

Студэнты на акцыі пратэсту / BelaPAN via REUTERS

Улады працягваюць прэсінг на ўніверсітэты: найбольш актыўных студэнтаў адлічваюць, выкладчыкаў — звальняюць. У некаторых ВНУ студэнтаў абавязваюць падпісваць дадатковыя паперы, якія забараняюць нават рабіць фота ў будынках ці “парушаць цішыню”. Усё гэта выходзіць за межы правілаў Балонскага працэсу, удзел у якім патрабуе ад Беларусі захавання ў тым ліку і акадэмічных свабод.

Ці застанецца Беларусь у Балонскім працэсе  — высвятляла Еўрарадыё.

Беларусь — Еўропа, але не зусім

З 2015 года Беларусь — частка Балонскага працэсу, што прадугледжвае не толькі пэўныя магчымасці для краіны (акадэмічныя абмены, прызнанне дыпломаў за мяжой), але і абавязацельствы па забяспечванні ўсіх стандартаў. Гэта развіццё мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, садзейнічанне еўрапейскаму супрацоўніцтву ў галіне адукацыі, забеспячэнне акадэмічных свабод і г. д.

Праўда, шмат пунктаў Балонскага працэсу Беларусь ніколі не выконвала. Напрыклад, у нас няма акадэмічных свабод. Акрамя таго, рэктараў не абіраюць у ВНУ, а прызначаюць “зверху”. Але, тлумачыць сябра Грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў, “прымусіць” выконваць правілы ніхто не можа.

Толькі дапамагаць парадамі, калі гэтыя парады нехта гатовы слухаць. Працэдуры выключэння з Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі няма. У ЕПВА ўваходзяць і такія краіны, якія самі парушаюць усялякія нормы паводзін. Ёсць Азербайджан, Турцыя, Расія. Ёсць Венгрыя, якую ў Еўрасаюзе судом прызналі парушальнікам нормаў акадэмічнай свабоды. Не думаю, што атрымаецца дамагчыся нават маральнага асуджэння акадэмічных рэпрэсій у Беларусі, — кажа прафесар.

Студэнты на акцыі пратэсту / BelaPAN via REUTERS

Нядаўна ўвогуле “пагрукалі з дна” і “рэпрэсій” стала на адну больш: Лукашэнка запатрабаваў не прызнаваць замежныя дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Пагроза не прызнаваць дыпломы, вядома, супярэчыць не толькі Балонскім абавязацельствам, але і Лісабонскай канвенцыі, падпісанай Беларуссю ў 2002 годзе (указ №5 ад 4 студзеня 2002-га). Але хіба гэта іх спыніць? Іншая рэч, што не варта перабольшваць значэнне такіх заяў, — каментуе Уладзімір Дунаеў.

Па ягоных словах, дыскрымінацыя замежных дыпломаў у Беларусі была і раней. Таксама без аніякіх законных падстаў.

Дунаеў адзначае, што дагэтуль за Беларуссю захоўваўся асаблівы статус “еўрапейскага двоечніка”. Пры гэтым, па ягоных словах, краіна “атрымлівае падарункі”, што абурае Дунаева.

У прыватнасці, Сусветны банк нядаўна 100 мільёнаў “адваліў” Мінадукацыі на вышэйшую адукацыю. Да гэтага 150 мільёнаў на сярэднюю. Не думаю, што дырэктар [прадстаўніцтва Сусветнага банка. — Еўрарадыё] Алекс Крэмер адчувае сваю адказнасць за тое, што адбываецца ў беларускай адукацыі. Няхай не караюць Беларусь, але і не заахвочваюць грашыма Мінадукацыі. Здаецца, у ЕС гэта пачынаюць разумець. Але Сусветны банк застаецца глухім і працягвае заахвочваць бязладдзе, — сказаў Дунаеў.

Ці варта чакаць міжнароднай рэакцыі?

Сябра Грамадскага Балонскага камітэта Саша Кузьміч расказала Еўрарадыё пра тое, што міжнародная рэакцыя на падзеі ў беларускіх ВНУ ўжо ёсць. Гэта і акцыі салідарнасці, і рэзалюцыя па Беларусі з боку Еўрапейскага студэнцкага саюза. На наступным тыдні мае адбыцца і Міністэрская канферэнцыя краін-удзельніц Балонскага працэсу, дзе, не выключана, будзе абмярковаўвацца і беларускае пытанне.

Акцыя ў падтрымку беларускіх студэнтаў у Гарвардзе

Калі апісваць сітуацыю ў цэлым: міжнародная студэнцкая супольнасць вельмі спачувае беларусам і на ўзроўні, на якім яна можа, выказвае салідарнасць: акцыямі, заявамі, палітычнымі дзеяннямі, — расказвае Кузьміч.

Прадстаўніца камітэта лічыць, што праявы салідарнасці і ціск з боку міжнароднай акадэмічнай супольнасці могуць прывесці да адмовы заходніх парнёраў ад супрацы з беларускімі ВНУ і нават з Міністэрствам адукацыі. Сёння беларускія ўніверсітэты працуюць з заходнімі ВНУ, у тым ліку па праграмах абмену студэнтамі і выкладчыкамі.

Наўрад ці гэта будзе поўны байкот, але існуе вялікая імавернасць поўнага кропкавага спынення супрацы з асобамі, непасрэдна адказнымі за ціск: спыненне камандзіровак, выключэнне з даследчыцкіх праектаў, — адзначае Саша.

Наша суразмоўніца тлумачыць, што цалкам выключыць краіну з Балонскага працэсу немагчыма, але ж на Міністэрскай канферэнцыі можа быць прынятая рэзалюцыя.

Рэзалюцыя можа прывесці да стварэння новых механізмаў кантролю. Так, напрыклад, у 2015–2018 гадах існавала спецыяльная Advisory group па Беларусі. Механізма выключэння няма, але не існавала і механізма дарожнай мапы [ён быў створаны менавіта пад уступленне Беларусі ў Балонскі працэс. — Еўрарадыё], таму рашэнне можа быць прынятае за межамі стандартных шаблонаў, — упэўнена Кузьміч.

З другога боку, міжнародная рэакцыя прыводзіць да новых магчымасцяў для беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў. Ужо шмат краін абвясцілі пра гатоўнасць прымаць у ВНУ людзей з Беларусі: напрыклад, значна пашырылася праграма імя Каліноўскага.

Чым больш сітуацыя асвятляецца ў СМІ, тым больш матывацыі ў заходніх ВНУ і міністэрстваў ствараць магчымасці для студэнтаў і выкладчыкаў. Для іх гэта адны профіты: якасныя кадры, паляпшэнне іміджу і гэтак далей, — заключае Кузьміч.

Канферэнцыя будзе непрыемнай?

Міністэрская канферэнцыя адбудзецца ўжо 18 лістапада. Праз каранавірус яна будзе ў анлайн-фармаце, і ў ёй мусіць узяць удзел міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. Магчыма, яму давядзецца адказваць на прэтэнзіі з боку заходніх партнёраў.

Цяпер у парадку канферэнцыі асобнага пункта для разгляду беларускага кейса няма. На пытанне пра магчымасць абмеркавання гэтай тэмы Еўрарадыё ў сакратарыяце ЕПВА адказалі наступнае:

Ёсць месцы для выступаў 48 міністраў ЕПВА і кансультатыўных сябраў, і мы не ведаем пра змест іх выступленняў.

Можна амаль з стаадсоткавай упэўненасцю сцвярджаць, што еўрапейскія краіны ўсё ж закрануць гэтую тэму. І ці будзе потым беларуская вышэйшая адукацыя ў ізаляцыі — вялікае пытанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.